Фотаздымак Ігара Ільяша апублікаваў тэлеграм-канал ГУБАЗіКа.

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал выклаў “пакаяльнае” відэа з журналістам Ігарам Ільяшом. Ён — муж палітзняволенай Кацярыны Андрэевай.
Сілавікі сцвярджаюць, што ён “разам з жонкай займаўся спрыяннем экстрэмісцкім фармаванням і зборам звестак для замежных выведак”.
У гэтым відэа Ільяш кажа, што больш за тры гады (з траўня 2018 да ліпеня 2021) “з’яўляўся кадравым супрацоўнікам” тэлеканала “Белсат”, а пазней стаў журналістам-фрылансерам і даваў інтэрв’ю медыя, якія былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Таксама ён расказаў, што даваў каментары ўкраінскім журналістам пра магчымы ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
***
У сувязі з чым адбылося затрыманне і іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
Ігар Ільяш — былы журналіст. Яго жонку, журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) рэжым Лукашэнкі пакараў за стрым з менскай «Плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 года.
У лютым 2021 года Андрэевай прысудзілі 2 гады зняволення паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасць абвінавачванняў па гэтай справе дакладна невядомая дагэтуль.






