BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Затрыманні па вяртанні – статыстыка праваабаронцаў

Людзі прыязджаюць дадому па дамоўленасці з сілавікамі, а ў выніку трапляюць за краты. Праваабаронцам вядомыя мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці» супраць людзей пачатыя крымінальныя справы.

Магчымасцю праграмы «Дарога дадому» скарысталася адміністратарка пратэсных чатаў Таццяна Курыліна. Але ў выніку яе асудзілі да 4,5 гадоў калоніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У лістападзе асудзілі 30-гадовага берасцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртанні». Яму прызначылі год калоніі за «абразу Лукашэнкі». Пры гэтым суд не прызнаў зварот у камісію «безумоўнай падставай для вываду аб яго раскаянні».

У снежні прапагандысты апублікавалі  інтэрв’ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз «камісію». У выніку Таццяну чакае суд.

Паводле ПЦ “Вясна”, летась пасля праверак на мяжы былі затрыманы не менш за 207 чалавек. Сярод іх, акрамя беларусаў, былі грамадзяне Украіны, Літвы і Расеі. Амаль усіх затрыманых асудзілі да “сутак” і штрафаў за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, “дробнае хуліганства” або за “пікетаванне” нацыянальнай сімволікай. А мінімум 18 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з якіх — да калоніі.