Супрацоўнікі ГУБАЗіК па Магілёўскай вобласці затрымалі намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Магатэкс». Ён падазраецца ў атрыманні хабару.
Як паведамляе МУС, у канцы сакавіка 46-гадовы затрыманы дамовіўся аб атрыманні ад кіраўніка маскоўскай фірмы-партнёра працэнта за бесперабойную адгрузку прадукцыі. За свае паслугі ён папрасіў два мільёны расейскіх рублёў. Баючыся быць затрыманым, адправіў па грошы сваяка.
«На аўтадарозе ў Аршанскім раёне мужчына атрымаў ад бізнэсмэна з Расеі ўказаную суму. Непасрэдна пасля атрымання хабару былі затрыманыя як чальцы сям’і службоўца, так і ён сам. Устанаўліваюцца іншыя факты іх злачыннай дзейнасці. Па месцах жыхарства фігурантаў канфіскаваныя грашовыя сродкі ў суме, эквівалентнай 30 тысячам даляраў у рознай валюце, а таксама пяць дарагіх аўтамабіляў», – заявіў начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Яўген Пілецкі.
Распачата крымінальная справа па артыкуле аб атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.