Гомельскі абласны суд у лютым вынес чарговы прысуд па «справе Гаюна» за інфармацыю пра расейскую ваенную тэхніку ў Беларусі. У гэты раз за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса) асудзілі 31-гадовага жыхара Рэчыцы Антона Казачэнку. Яму прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пра гэта «Гомельскай вясне» паведаміў сукамернік палітвязня.
Вядома, што да затрымання Антон Казачэнка працаваў на Рэчыцкім метызным заводзе. Пасля прысуду, 20 лютага, ён быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.






