BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Збор у дапамогу Андрэю Мялешку і яго сям’і

Кампанія bysol абвесціла збор у падтрымку журналіста Андрэя Мялешкі і яго сям’і. На адмысловай старонцы арганізацыі па дапамозе змешчана наступная інфармацыя:

Добры дзень!
Мяне клічуць Андрэй Мялешка. Звяртаюся да вас па дапамогу, бо апынуўся ў вельмі цяжкіх абставінах, якія шакавалі ўсю нашу сям’ю і падзялілі яе на дзве паловы.

У 2021 годзе праз палітычны пераслед у Беларусі я з жонкай і дзвюма дачкамі пераехаў у Грузію, якая нам стала новым домам. Праблем з законам у Грузіі ў мяне не было, я як журналіст не пісаў пра палітыку і нікога з мясцовых уладаў не крытыкаваў. Мая дзейнасць была звязаная з культурным жыццём беларускай дыяспары. Я асвятляў акцыі салідарнасці з Беларуссю, ладзіў сустрэчы, каб пісаць лісты палітвязням, арганізоўваў канцэрты і сустрэчы з вядомымі людзьмі, заснаваў гістарычны клуб, адкрыў невялікую краму, у якой гандляваў таварамі з беларускай нацыянальнай сымболікай.

Нішто не прадракала бяды, калі 16 верасня 2024 года я са старэйшай дачкой Сашай вяртаўся з Варшавы дадому ў Грузію. Гэта было звычайнае вяртанне з чарговай паездкі. Нечакана супрацоўнікі аэрапорта Кутаісі мне паведамілі, што нам з дачкой адмоўлена ва ўездзе ў Грузію. Прычыны мне не патлумачылі ні вусна, ні на пісьме, проста параілі з пытаннямі звяртацца ў МУС Грузіі. Гэтая абсурдная сітуацыя мяне проста шакавала. Я не разумеў, што адбываецца, але нікуды з’язджаць не збіраўся, таму запытаў нам з дачкой міжнародную абарону. На гэты запыт я таксама атрымаў адмову.

Я да гэтага часу не разумею, у чым прычына нашага выдварэння. І, тым больш, не магу зразумець жорсткасць у дачыненні да маёй 11-гадовай дачкі. Нас трымалі ў нейтральнай зоне больш за 12 гадзін без ежы, і толькі пасля майго патрабавання, ежу прынеслі. Тое, што ў аэрапорт з Батумі, дзе мы жывём, прыязджала жонка, мяне не апавясцілі. Яна хацела забраць дачку, але дзіцёнка ёй не аддалі. І нават проста прытуліць не дазволілі.

У гэты час побач са мной стомленая і напалоханая дачка хацела патэлефанаваць маме. Я суцяшаў яе, пакуль яна плакала, але нічым не мог дапамагчы. Пасля майго інтэрв’ю грузінскаму СМІ ў нас забралі і тэлефоны, і камп’ютар. У Сашы атрымалася патэлефанаваць матулі толькі ў самалёце, на якім нас прымусова адправілі ў Польшчу.

Пра нашую сітуацыю напісалі шматлікія медыя. Я разумею, што ні ў чым не вінаваты і трэба змагацца. Але пакуль у мяне ні на што не засталося сілы. І яшчэ раз ляцець у Грузію я пакуль не рызыкну.

Мы з дачкой вымушана апынуліся ў Польшчы з тымі рэчамі, што бралі на тры дні. Без жылля, грошай і разумення, што рабіць далей. Я прашу ўсіх неабыякавых людзей дапамагчы нам неяк наладзіць тут наш побыт. Акрамя арэнды жылля, трэба купіць нейкія бытавыя рэчы, прадукты, адзенне і абутак. Калі сітуацыя з Грузіяй у бліжэйшыя месяцы ня вырашыцца, мне трэба будзе забраць сваю жонку і малодшую дачку сюды.

Буду вельмі ўдзячны вам за кожны магчымы ўнёсак!

Сума збору

€5000

€2000 – выдаткі, якія мяне чакаюць у любым выпадку: гэта альбо паслугі перакладчыкаў, адвакатаў і вяртанне ў Грузію, альбо выдаткі на пераезд жонкі і дачкі ў Польшчу і нашая легалізацыя тут
€1800 – арэнда жылля на 3 месяцы
€700 – адзенне і абутак
€500 – прадметы першай неабходнасці