BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Здзелка”


Неяк не хочацца праводзіць паралель паміж героем савецкай кінакамедыі Юрыем Дзетачкіным і ўкраінскімі вайскоўцамі, але нядаўна адбылася надта нетыповая сітуацыя.

Двое вайскоўцаў, якія маюць баявы досвед, фінансава ўзаемадзейнічалі з асобамі, якія хацелі гэтага досведу пазбегнуць. Карацей кажучы, дапамагалі перапраўляць ухілістаў за мяжу. Сутнасць здзелкі была ў
тым, каб злучыць кліентаў (ухілістаў) з арганізатарамі “зялёнага калідора”. Першым звяном схемы была сустрэча ў слаўным горадзе Чарнігаве, адкуль вайскоўцы бесперашкодна дастаўлялі кліента ў Кіеў без праверкі дакументаў на блокпастах.

Наступнае звяно – «бяспечны» маршрут да Адэскай вобласці. А пасля – апошняе і галоўнае звяно: далучэнне кліента да групы такіх жа ўцекачоў і пераход у Прыднястроўе. Натуральна, кожны этап, у залежнасці ад складанасці, аплачваўся рознымі сумамі.

Аднак аднаму кліенту банальна не пашанцавала, і яго затрымалі пры незаконным перасячэнні мяжы. З гэтага моманту і пачала разгортвацца ўся гісторыя. Вы спытаеце: пры чым тут геніяльны злодзей Юры Дзетачкін? І якая аўтамабільная паралель з нашымі прадпрымальнымі вайскоўцамі? Справа ў тым, што за атрыманыя ад здзелак грошы вайскоўцы куплялі аўтамабілі для… фронту.

На судзе ў сваё апраўданне заявілі, што не мелі мэты зарабіць на ўхілістах, а толькі не хацелі, каб тыя загінулі на вайне. У выніку: ухілісты прафінансавалі Узброеныя Сілы Украіны, вайскоўцы атрымалі па пяць гадоў умоўнага тэрміну.

Хтосьці выбірае змагацца і абараняць, усведамляючы ўсе рызыкі, хтосьці – не рызыкаваць і плаціць. У кожнага з бакоў здзелкі свае прыярытэты.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя