BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зянон Пазьняк: Антыбеларускі рэжым адмаўляе свята 25 сакавіка, бо працуе на знішчэнне нацыі

25 сакавіка — дзень Волі — гэта адно з найвялікшых святаў для дэмакратычнай часткі Беларусі. Яно святкуецца беларусамі ўсяго свету. Менавіта 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла ІІІ Устаўную грамату – упершыню ў гісторыі беларусы абвясцілі незалежнасць сваёй дзяржавы. Сёння мы пагаворым пра Беларускую Народную Рэспубліку з гасцямі Беларускага Радыё Рацыя кіраўніком нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Зянонам Пазьняком і прафесарам, гісторыкам Алесем Смалянчуком:

РР: Якія прычыны прывялі да ліквідацыі БНР і стварэння Беларускай ССР у 1919 годзе?

Алесь Смалянчук: Калі коратка казаць, то адна з галоўных прычын — гэта вельмі неспрыяльная геапалітычная сітуацыя, адсутнасць моцнага партнёра для Беларусі.

І тое, што сёння казаў: адсутнасць беларускага адзінства ўнутранага, спрэчкі, дыскусіі, канфлікты паміж сабой — гэта таксама адыграла сваю ролю.

Ну, а потым яшчэ адыграла сваю ролю тое, чаму БССР стварылі бальшавікі. Яны зразумелі, што беларусы імкнуцца да незалежнасці, і трэба было нешта такое даць, якое быццам бы, «Хацелі рэспубліку? Вось вам рэспубліка!».

Толькі што гэтая «рэспубліка» не мела ні самастойнасці, ні незалежнасці — гэта была проста прафанацыя незалежнасці. Але заслуга БНР, што атрымалася хоць бы зрабіць БССР.

РР: Як дзейнасць БНР паўплывала на фарміраванне беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі?

Алесь Смалянчук: Фактычна, БНР у 1918 годзе стала штуршком для ўсёй далейшай беларускай дзяржаўніцкай дзейнасці.

Пра БНР не забывалі, пра яе памяталі ў міжваенны час, нават у савецкія часы, хоць гэта было вельмі цяжка.

Ну і фактычна менавіта на БНР Беларусь арыентавалася ў 1990-91 гадах. Гэта стала тым, да чаго мы імкнёмся.

РР: Спадар Зянон, чаму 25 сакавіка — Дзень Волі — не прызнаецца афіцыйным святам у сучаснай Беларусі?

Зянон Пазьняк: Таму што ў сучаснай Беларусі антыбеларускі акупацыйны рэжым, падтрыманы Масквой.

Яны праводзяць палітыку на знішчэнне Беларусі, таму натуральна, што яны гэта адмаўляюць.

РР: Чаму Беларуская Народная Рэспубліка не атрымала прызнання нават ад Германіі, пад чыёй акупацыяй яна знаходзілася, і ад Антанты?

Алесь Смалянчук: Ведаеце, беларускае пытанне ў межах Расейскай імперыі было ўнутраным пытаннем.

Літоўскае пытанне на нейкі момант стала ўжо знешнепалітычным, еўрапейскім пытаннем.

Беларусы проста не здолелі дасягнуць таго роўню прызнання, той моцы нацыянальнага руху, які ў гэты вызначальны момант — падчас Першай усясветнай вайны, у 1917-18 гадах — дазволіў бы ім выступаць як палітычны суб’ект у ўласнай гісторыі.

Ну а вялікія краіны — Германія, краіны Антанты — трэба было вельмі добра папрацаваць, каб прымусіць іх пабачыць, разглядзець Беларусь.

Добры быў бы варыянт, калі б удалося стварыць сваё войска.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З нашымі выбітнымі гасцямі размаўляла карэспандэнтка Радыё Рацыі Аліна Андрыевіч.