BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зянон Пазьняк: Уласнасць — гэта свабода, а сябры — Божы дар

З.П.: Апынуўшыся за мяжой, а я амаль 30 гадоў там, гэта страшнае жыццё, страшнае выжыванне, страшныя пакуты. Ніхто ня ведае і ведаць ня будзе: я заўсёды ўсміхаюся і заўсёды наверсе. І ніхто нічога ня знае. І ўсё ўдалося! Таму прынцып мой такі, што калі тыя цяжкасці, якія Бог табе пасылае, то гэта ён для твайго дабра. Таму ня можна крыўдзіцца ні на кога. Азіраючыся на ўсе гэтыя цяжкасці, якія ўдалося прайсці, – яны далі шмат што зразумець. А каб іх не было – дык я б ня ведаў. Я толькі ўдзячны Богу, што гэтыя цяжкасці былі, цяпер шмат што ведаеш…

Р.Р.: Быў іншы час, калі вы з´ехалі, і не масава ж з´язджалі людзі.

З.П.: Ну так.

Р.Р.: Тады, напэўна, было яшчэ цяжэй.

З.П.: І гэта Амерыка, тут трошкі па-іншаму.

Р.Р.: Мы ўсе марым пра вяртанне на Радзіму. Будзем верыць, што здарыцца так, што можна будзе вярнуцца. Якія б мясціны наведалі б, акрамя родных Суботнікаў, вы б наведалі найперш? Ці ёсць, акрамя малой радзімы, асабліва дарагія месцы ў Беларусі. Куды б вы паехалі б найперш?

З.П.: Я вам скажу, што я за жыццё аб´ехаў практычна ўсю Беларусь, асабліва, калі быў дэпутатам, дык спецыяльна аб´язджалі. Я вам скажу, што мне найбольш да душы – гэта Браслаўшчына, азёрны край. Нешта там незвычайнае для мяне, што ўзвышае дух і крылы. Я гэты край пешшу схадзіў. Добра ведаю гэтыя мясціны, вельмі рамантычны край. І туды б я паехаў, хаця баюся. Бо, як я чытаю, там ужо поўна расейцаў. Дамы пабудавалі, дачы, хлынула ўся гэта публіка, якая спажывае прыроду. А тыя, хто спажывае прыроду, яны яе псуюць і яны абгажваюць. Таму трошкі страшнавата паехаць і там гэта ўсё ўбачыць. Я быў яшчэ ў 1960-х гадах там. Я ўсю гэту Браслаўшчыну абышоў. Я быў усюды, і на Палессі. Гарадзеншчыну пешшу абыйшоў. Наведаў Магілёўшчыну, Віцебшчыну, Смаленшчыну таксама.

Р.Р.: Трэба сказаць, што расейцы засяляюць не толькі Браслаўшчыну, а і ўсю Беларусь, скупляюць кватэры.

З.П.: Хай скупляюць.

Р.Р. Адбярэм?

З.П.: Не, не. Мы зробім вельмі проста. Так, як прапанаваў Саакашвілі. Беларуская дэмакратычная ўлада тым маскалям, якія захапілі маёмасць, прапануе яе прадаць на працягу, скажам, года ці двух. І пажадана прадаць беларусам замежжа, каб яны вырнуліся. Не прададуць, то тады будзе другое, але ім дадуць магчымасць. Ці аўкцыён арганізаваць ці што. Адбіраць не будуць, дадуць магчымасць ім прадаць. Вы купілі вось так от, скарысталіся нашай бядой. І купілі за бясцэнак, будучы тут, маючы халуя і войска сваё трымаючы. Дык прадайце, вось вам год ці два, прадавайце.

Р.Р.: Ну канешне, калі купілі ў людзей неканфіскаванае у людзей.

З.П.: Дадзім ім магчымасць прадаць беларусам.

Р.Р. А калі канфіскуюць у нас усё: кватэры, дамы. Зараз у беларусаў канфіскоўваюць усё. То гэта ўжо іншая катэгорыя, я думаю.

З.П.: А хто канфіскоўвае?

Р.Р.: Дзяржава праз суды, а потым прадае маёмасць палітычных.

З.П. Ну дык усё ж можна назад адкруціць.

Р.Р.: Але гэта ўжо іншая катэгорыя.

З.П.: Была такая гісторыя. Вось у краінах: у Польшчы, Літве, Чэхіі, што саветы пазабіралі кватэры. І вось, калі паявілася Салідарнасць, гэта 90-я гады, уласнікам іх вярнулі, а гэта прайшло па 40 гадоў, нават болей.

Р.Р.: Не ўсё вярнулі, што забралі, мне князь адзін казаў у Польшчы.

З.П.: Я разумею, што ёсць цяжкасці, але закон аб уласнасці будзе дзейнічаць.Уласнасць – гэта свабода. І таму, тое, што яны канфіскавалі ўласнасць. Добра, мы вельмі крытычна адносімся да гэтага гэбіста Цапкалы, але дом у яго, кватэру забралі незаконна. Гэта яго кватэра. І яму гэта будзе вернута. І дзяржава дапаможа. Іншая справа, як мы да яго будзем ставіцца, але ён мае права, гэта ягонае. Таму гэтыя фокусы лукашысцка-маскоўскія не пройдуць. Ёсць заканадаўства, ёсць вопыт, як гэта робіцца і ўсё гэта будзе людзям вернута.

Р.Р.: Вяртаючыся да асабістага. Задам можа вельмі інтымнае пытанне ў пэўным сэнсе. У жыцці кожнага хрысціяніна бываюць такія, амаль у кожнага, складаныя сітуацыі, калі вельмі цяжка вырашыць праблему, развязаць яе. І тады часам прыходзіць такі голас звыш, можна сказаць, такі ўнутраны голас, не ведаю, па рознаму гэта называецца, ці гэта элемент прасвяды ці нешта яшчэ… Ці перажывалі вы такія моманты асабістага цуда і такога адчування? І калі можна падзяліцца нейкім прыкладам.

З.П.: У мяне гэта ўсё прасцей. Я проста веру ў Бога і вельмі часта адчуваю яго падтрымку. Вось у жыцці ў мяне што ні здаралася, многае, я адчуваў боскую дапамогу, боскую ласку ўвесь час, ня толькі цяпер. Таму я тут удзячны Богу вельмі ў многіх паваротах жыцця. Нават тады, калі я павінен быў загінуць некалькі разоў, мяне Бог уратаваў. І таму я заўсёды спакойны, я адчуваю, што Бог ёсць. І калі да яго звяртаешся, ён дапамагае, а я звяртаўся і атрымліваў дапамогу. Мо бессэнсоўна пра гэта гаварыць…

Р.Р.: Гэта перажыць трэба.

З.П.: Не, не. Справа не ў тым. Людзі ў асноўным неверуючыя і таму бессэнсоўна такія рэчы казаць. І потым, гэта маё. І калі Бог мне памагаў, то гэта маё. Неяк у мяне браў інтэрв’ю чалавек па прозвішчы Пазьняк. Ён веруючы-пратэстант. Ён задаў мне адно пытанне і я яму сказаў. І вам скажу. Я часам звяртаюся ў цяжкіх пытаннях, і ня толькі я, многія вернікі, якія звяртаюцца да Бога, атрымліваюць дапамогу. Дапамога прыходзіць праз іншых людзей, альбо праз сітуацыю, якая ўзнікае…

Дык вось 25 лютага, праз дзень пасля нападу на Украіну, ноччу, ў чатыры гадзіны ночы, я спытаў у Бога: Што будзе з Украінай? І Бог мне адказаў: Усё тое, што сказана – усё тое ёсць!

РР: Не сказаў пра перамогу?

З.П.: Я не пытаў. Бога няможна спакушаць, лезці да яго ўвесь час. Я зразумеў, што гэта вельмі важна. Таму я адкрыў Біблію, паклаў руку і спытаў: «Госпадзе, што будзе з Украінай?». Адказ мяне уразіў, абсалютна канкрэтны адказ – тое, што мы бачым! Я пры тым не гляджу ў Біблію, я пытаю Бога і кладу руку – во палец атрымае – чытайце, чытайце, што там напісана. І я чытаю тое, што будзе ва Украіне – там усё напісана. Гэта выпадкова не бывае – гэта Бог, бо гэта святое пісанне, гэта святая кніга. Многія іншыя такія рэчы я зараз ня буду расказваць…

Я вам скажу – шмат чаго было, але калі ў Бога верыш, то не здзіўляешся. Проста разумееш, што Бог ёсць. Я некалі напісаў адзін такі радок-верш: Чалавек не адзінокі, бо ёсць Бог. Што б ні было, ты з ім гаворыш, ён ёсць, чалавек ня можа быць адзінокім. А калі чалавек у Бога ня верыць, ён можа звар’яцець, таму што ў яго валіцца ўвесь свет, ён адзін і увесь свет супраць, таму ён не разумее такіх рэчаў. Вось гэты наш Эрнст Сабіла, пастар, якога прысудзілі да расстрэлу, а потым 25 гадоў «далі» – ён якраз выжыў.

Р.Р.: Сакрэт добрай фізічнай формы ад Зянона Пазьняка? Вы, здаецца, не курылі ніколі, і не ўжываеце алкаголь, ці амаль не ўжываеце.

З.П.: Я вяду нездаровы вобраз жыцця. Амаль усё жыццё і цяпер. Я дапазна працую – да двух-трох гадзін ночы, чатыры-пяць гадзін сплю, хоць бывае трэба выспацца болей. І ў асноўным сяджу, я мала рухаюся і вельмі позна сяджу, гэта вельмі нездаровы вобраз жыцця. А тое, што вы лічыце, што я здаровы – гэта Бог дае і дзякуй Госпаду, але я нічога з сабой не раблю…Ну канешне нейкія элементарныя рэчы трэба глядзець, што ты ясі і так далей…

Р.Р.: А фізкультура, вы ж у маладосці любілі спорт?

З.П.: Ну канешне, устанеш з раніцы – трэба ж трошкі памахаць рукамі, гэта абавязкова. Але гэта элементарнае, таксама як ваду піць. Устаў – нейкую гімнастыку трэба зрабіць трошкі, абавязкова.

Р.Р.: Хочацца спытацца ў вас яшчэ пра сяброўства, пра сапраўднае сяброўства, вы рэдка калі ў інтэрв’ю казалі пра сваіх сяброў, а ў Эклезіяста сказана, што «з тысячы мужчын знайшоў я аднаго». Што для вас – сапраўднае сяброўства? Ведаем, што вашым старэйшым сябрам быў Лявон Баразна, якога забілі савецкія спецслужбы. Ці быў пасля ў вашым жыцці такі духоўна блізкі чалавек?

З.П.: Сама галоўнае, што было і ёсць у маім жыцці, што мне Бог даў, – гэта шмат харошых сяброў. Уся мая надзея была на іх, я правальваўся часам – выручалі толькі сябры. Вельмі шмат было і ёсць надзейных сяброў. Проста нейкі цуд Божы – што яны такія ёсць. Таму я вельмі ўдзячны Богу, што яны ёсць. Што такое сябра? Гэта чалавек, які надзейны, які цябе падтрымае ў безвыходным становішчы, на якога ты заўсёды можаш палажыцца як на сябе. І яму гэта таксама патрэбна, бо гэта ж узаемна. У мяне і былі і ёсць такія сябры. І гэта сама важнае ў жыцці, я ў гэтым пераканаўся. Не май сто рублёў… Бо я ніколі «сто рублёў» ня меў, я ніколі ня меў шмат грошай. Але сябры былі і на гэтым усё грунтавалася. І палітычная работа, і партыя – усё трымаецца на гэтым, не на грашах. Таму сябры – гэта ўсё. Яны дагледзелі маю маці, яны яе пахавалі, яны ўсё зрабілі. Усё сябры зрабілі, і мне памаглі і я ім стараюся. Вось што такое сябры. Так што гэта вельмі важна для чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя

Цалком пераслухаць усе часткі гутаркі можна на нашай старонцы ў рубрыцы падкасты: перадача “Вочы ў вочы”.