“Чорная кніга Случака” – такі тэлеграм-канал з’явіўся нядаўна. Яго стварыў вядомы абаронца беларускасці і юрыст Ігар Случак. Пра матывы стварэння гэтага тэлеграм-канала, яго назву і дзейнасць на глебе беларушчыны сённяшні Госць Рацыі Ігар Случак распавядае нашаму радыё.

РР: Чаму вы так назвалі свой тэлеграм-канал “Чорная кніга Случака”, гэта аналогія з “Чорнай кнігай Беларусі”?
Ігар Случак: Не, гэта не аналогія з “Чорнай кнігай Беларусі”, гэта аналогія хутчэй з “Чорнымі кнігамі”, якія з’яўляліся пасля Другой сусветнай вайны для пошуку нацысцкіх злачынцаў, па аналогіі з “Чырвонай кнігай Беларусі”, дзе таксама ёсць спіс нашай флоры і фаўны, якая пад пагрозай знікнення. Але гэта хутчэй назва на будучае, у мяне ёсць некалькі ідэй, і, магчыма, вось якраз з гэтай назвай некаторыя новыя ідэі будуць рэалізаваныя сёлета, спадзяюся. Таму пасля я неяк распавяду пра гэта, пакуль гэта толькі планы.
А ў самім канале, не думаю, што ў ім будзе больш, чым у саміх сацыяльных сетках, але ён будзе зручны для людзей, якія цікавяцца гэтай тэмай, бо ў сацсетках стужка выдае не заўжды, як табе хочацца, ты нейкія матэрыялы можаш прапусціць, і там могуць з’яўляцца нейкія прыватныя допісы, якія чалавеку нецікава чытаць, напрыклад. Але вось у тэлеграм-канале, калі ты на яго падпісаўся, ён у цябе ўжо ёсць на тэлефоне, ты пры нагодзе можаш заўжды паглядзець, што там. І менавіта тая інфармацыя, якая цябе цікавіць і ніякай лішняй, толькі інфармацыя пра сітуацыю з беларускай мовай, з дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце.
Там будуць хэштэгі, там заўжды шмат статыстыкі. Гэта такія вось моманты, на якія мала хто звяртае ўвагу, але я звяртаю ўвагу і вяду некаторую статыстыку ўжо больш за 10 гадоў, напрыклад, па звароту грамадзян і юрыдычных асобаў. І што цікава, па адказах гэтага году, там адбыўся зрух у гэтым моманце.
РР: Вы яшчэ займаецеся тапанімікай, вывучэннем назваў вуліц. І што мяне здзівіла – у Беларусі яшчэ засталіся вуліцы ў імя Сталіна, не кажучы пра Камуністычную, Савецкую, Маскоўскую і г.д.
Ігар Случак: Так, гэта цікава. Захацеў проста па сваіх каналах праверыць на ўсялякі выпадак, ці ёсць нешта такое ў Беларусі. Я сам не думаў, што такое ёсць. Але я задаў запыт “вуліца Сталіна”. Вуліцы Сталіна не было, але знайшлося шэсць вуліц Сталінскіх. Шэсць Сталінскіх вуліц у Беларусі ў 2024 годзе! Праўда, гэта маленькія мястэчкі, але ўсё адно.
РР: А дзе гэта менавіта, можаце пералічыць, якія гэта вобласці?
Ігар Случак: Вуліца Сталінская ў вёсцы Лядавічы Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці, у вёсцы Вялікая Чорная Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, у аграгарадку Драчкава Смалявіцкага раёна Менскай вобласці, у вёсцы Новае Гарадзішча Бярэзінскага раёна Менскай вобласці, у вёсцы Рагаліна Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. То бок у нас тут Магілёўская, Берасцейская і Менская вобласці. У іх ёсць тапаніміка з імем Сталіна.
Пакуль тэлеграм-канал “Чорная кніга Случака” налічвае крыху больш за 100 падпісчыкаў, але яго стваральнік спадзяецца на павелічэнне іх колькасці. Падпісацца на яго можна па адрасе: @movasluchak.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя