З 12 ліпеня ў Беларусі ўступае ў сілу закон «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці».

Тыя, хто знаходзіцца ў калоніі, змогуць атрымліваць не адну, а дзве рэчавыя перадачы ў год, а за спатканні са сваякамі давядзецца плаціць.
Яшчэ адна важная змена тычыцца ШІЗА. Цяпер адміністрацыя зможа адпраўляць туды зняволеных на 15 сутак (дагэтуль было 10).
У рэчавыя перадачы ўваходзяць абутак, адзенне і прамысловыя тавары. Прадуктаў і цыгарэт змены не датычацца.
Разам з тым асуджаным дазволілі атрымліваць замест пасылак, перадач, бандэроляў ці дробных пакетаў прадукты харчавання, набытыя сваякамі ў крамах калоній.
Сябры і знаёмыя маюць права набыць для вязняў прадукты харчавання толькі з дазволу начальніка папраўчай установы.
Паводле новай рэдакцыі закону асуджаныя могуць замяніць кароткатэрміновае спатканне на гадзінную тэлефонную размову. За працяглыя спатканні давядзецца плаціць. Цэны за пражыванне ў памяшканнях, прадугледжаных для працяглых спатканняў, будзе вызначаць міністэрства фінансаў.
Людзей, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, цяпер змогуць прымушаць працаваць. Прэвентыўны нагляд устанаўлівае суд пасля вызвалення вязня з калоніі.






