Пытанне вызвалення палітвязняў увесь час з’яўляецца для дэмакратычнай супольнасці прыярытэтным. Прапаноўваюцца розныя варыянты для вырашэння гэтай праблемы. Менавіта вызваленне палітвязняў мы абмеркавалі з “Госцем Рацыі” – былым палітвязнем Зміцерам Бандарэнкам:
РР: Праблема вызвалення беларускіх палітвязняў цяжкавырашальная. Вы згодныя?
Зміцер Бандарэнка: Безумоўна, бо зараз свет хвалюе не толькі пытанне вызвалення палітвязняў, але ў першую чаргу вайна ва Украіне. Адасобіць гэтае пытанне сёння вельмі складана. То бок тут могуць быць толькі нейкія комплексныя вырашэнні праблемы.
РР: Чаму Лукашэнка не амністуе палітвязняў, як гэта робяць манархіі Тайланду ці Марока?
Зміцер Бандарэнка: Дзякуй Богу, што ў Беларусі не манархія. Але калі казаць пра Тайланд і Марока, то ў гэтых краінах манархія мае традыцыю ўжо ў сотні гадоў, а можа нават і тысячу. Манархі ў Марока і Тайландзе – гэта як правіла высокаадукаваныя людзі, для якіх традыцыі дзяржаўныя і нацыянальныя нешта значаць. А Лукашэнка – гэта проста дробны дыктатар, кіраўнік саўгасу, калгаснік, плюс яшчэ паталагічная асоба. Гэта псіхічна хворы чалавек, якому вельмі складна рабіць нейкія крокі па вызваленні людзей, якіх ён лічыць асабістымі ворагамі.
РР: Звароты спецдакладчыцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па Беларусі Анаіс Марэн па вызваленні палітвязняў, як яна казала, засталіся без адказу. Што вы скажаце на гэта?
Зміцер Бандарэнка: Лічу, што сённяшні спецдакладчык па Беларусі – гэта вельмі адказная і працавітая асоба. Яе праца не была дарэмнай. Мы ведаем, што на палях арганізацыі ШОС, куды нядаўна ўцягнулі і рэжым Лукашэнкі, адбылася сустрэча дыктатара з кіраўніком Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Гутэрышам. Вядома, што падчас гэтай размовы Гутэрыш давёў да Лукашэнкі інфармацыю гэтага даклада спецдакладчыка ААН па Беларусі. Хаця ўлады адмаўлялі, але гэта дакладны факт, што гэта інфармацыя была даведзена. Мы ведаем, што на планеце Зямля дэмакратычных краін менш. Каля 250 краін у свеце і дэмакратычных з іх сёння менш, чым недэмакратычных. Ёсць праблема войнаў у Афрыцы, праблемы наркатрафіку, праблема наркавойнаў, парушэнне правоў жанчын ва ўсім свеце. Беларусь на гэтым фоне толькі адна са шматлікіх краін, дзе масава парушаюцца правы чалавека. З другога боку пра тое, што ў Беларусі дыктатура і ёсць палітвязні, ведаюць усе міжнародныя структуры. У тым ліку і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, гэта пытанне ўсё роўна знаходзіцца на кантролі. Я думаю, што яно ўсё ж такі будзе вырашана.
РР: Святлана Ціханоўская ўвесь час гаворыць пра вызваленне палітвязняў, але вынікаў пакуль няма. Чаму?
Зміцер Бандарэнка: Таму што ёсць пэўная самаўпэўненасць і нежаданне карыстацца тым досведам, які ўжо быў у іншых людзей, якія самі былі палітвязнямі, якія змагаліся за вызваленне палітвязняў. Не адразу Ціханоўская стала выступаць за санкцыі, на жаль. Але сёння мы назіраем такую сітуацыю, што сама Ціханоўская быццам бы кажа слушныя рэчы, але прадстаўнікі яе структур ці афіляваныя з Офісам Ціханоўскай арганізацыі, яны выступаюць за адмену санкцый і за неўвядзенне санкцый па парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя