BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зміцер Шчыгельскі: Беларусы маюць бел-чырвона-белы сцяг у сэрцы

У нашым эфіры пабываў Зміцер Шчыгельскі, доктар-псіхіятр, афіцыйны палітычны прадстаўнік Палка Каліноўскага.

РР: Найперш хацеў спытацца пра сувязі сённяшняй даты. 19 верасня 1991 году бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” былі зацверджаныя дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь. Зараз яны ў статусе экстрэмісцкіх унутры Беларусі. Што ў гэтай сувязі Вы можаце сказаць, ці прынялі Вы гэтую сімволіку, калі былі юным чалавекам, і якую ролю яна грае ў Палку Каліноўскага ад пачатку яго стварэння?

– Па-першае, калі казаць пра мяне, то я яе прыняў значна раней, прыкладна з 1988 году, калі ў мяне пачаліся нейкія адносіны з апазіцыяй, калі я першы раз пазнаёміўся з Зянонам Станіслававічам. У Палку Каліноўскага яна грае выдатную, вельмі адметную ролю з самага пачатку – ні ў каго не было ніякіх сумневаў, іншых варыянтаў нават не разглядалася. Палкавы сцяг гэта дэ-факта бел-чырвона-белы сцяг з палкавой эмблемай, ну і канешне Пагоня. Калі вы паглядзіце Геральдычную Раду, ёсць такая ў Беларусі, якая распрацоўвае новую форму, узнагароды, і іншыя рэчы, то яны вельмі сур’ёзна ставяцца да гэтай сітуацыі: да гісторыі, да геральдыкі, і яны кансультуюць Полк.

Я не разумею як адказваць на гэтае пытанне, бо два плюс два – чатыры, бел-чырвона-белы і Пагоня, і што далей, што можна яшчэ сказаць? Як было, так яно і ёсць.

РР: Дакладна, але, на жаль, гэта па-ранейшаму праблема ўнутры Беларусі, і тыя людзі якія адтуль прыязджаюць, якія там жывуць, кажуць што ад зялёна-чырвоны спалучэнняў у вачах ужо стракаціць.

– Па-першае, праблема ўнутры Беларусі не бел-чырвона-белы сцяг, а рэжым які там існуе, таму што гэта з-за яго ўзнікаюць праблемы.

РР: Дакладна.

– Дакладна. Па-другое, я быў у Польшчы на дзень сцяга. Калі ў кожным двары на дамах палякі вешаюць сцяг. Яны вешаюць гэты сцяг, таму што ён у іх у сэрцы. А не таму што прыйшоў гарвыканкам ці мясцовая Рада, ці як там у Беластоку называецца орган кіравання, і даў загад усім павесіць, і пайшлі камунальшчыкі вешаць гэтыя сцягі. 4 ліпеня, у дзень незалежнасці Злучаных Штатаў вы таксама пабачыце, што людзі масава вывешваюць сцягі ў сваіх хатах, на маёнтках, на машынах, і гэтак далей, і дзе заўгодна. Гэта не таму што ўрад загадаў вывешваць сцяг.

Тое што мы бачым у Беларусі з чырвона-зялёным, гэта цалкам ненатуральная сітуацыя. Гэта спроба паказаць абсалютна штучна – што вось, ён ёсць. Калі мы згадаем пратэсты 2020 году. Бел-чырвона-белы сцяг ўжывалі не таму што Ціханоўская загадала, не таму што выйшлі хтосьці з арганізатараў, або NEXTA сказаў – давайце ўсе бярэм сцягі. Гэта было натуральна для беларусаў. І я не звярнуў на гэта ўвагу, звярнулі знаёмыя, якія сказалі: за адну ноч з’явіліся сотні тысяч сцягоў. Значыць яны ў людзей дзесці былі? Таму што яны ж не маглі іх так хутка зрабіць ці здабыць, значыць іх дзесьці хавалі.

РР: Ну набыць можна было, тады ў цэнтры Менска была крама.

– Я разумею што была крама symbal.by, я памятаю. Справа не ў гэтым, усе за адзін дзень не маглі збегаць у гэтую краму, відавочна што там не магло быць запасаў сотні тысяч сцягоў. Значыць беларусы хавалі гэтыя сцягі. Значыць што гэта цалкам натуральны, адпавядаючы душы, культуры, ментальнасці, эстэтыцы сцяг. Гэта натуральна для людзей. Тое, што мы бачым з чырвона-зялёным – гэта штучна, прымусова. З майго пункту гледжання гэта пра нічога не кажа і нічога не значыць. Яно знікне, як толькі знікне прымус, то знікне ўся гэтая пена.

РР: Калі працягваць пра атрыбутыку. Нацыянальнае войска – гэта важны атрыбут дзяржаўнасці побач з уласнай сімволікай, Канстытуцыяй? Калі мы гаворым пра новую Беларусь. Войска, якое слугуе не нелегітымнаабранаму кіраўніку, а сапраўды народу?

-Кожная нацыя, кожны народ які не хоча карміць сваё войска, будзе раней ці пазней карміць чужое. Ведаеце, натоўп узброеных мужыкоў без шаўрона ці сцяга – гэта банда наёмнікаў у лепшым выпадку, а магчыма проста банда. Войска адрозніваецца ад банды тым, што ў іх ёсць шаўроны, у іх ёсць сцягі, ёсць нацыянальная прыналежнасць, і прыналежнасць дэманструецца. Другое, што мы мы абмяркоўвалі на канферэнцыі якая была ў Варшаве тыдзень таму, і там мы прыйшлі да парадаксальнай, крыху дыялектычнай высновы:

Што без нацыянальнага адраджэння і без фармавання нацыянальнага характару, ведання гісторыі, культуры, у нас не можа быць нацыянальнай арміі. Таму што гэтая армія будзе ў лепшым варыянце проста наёмнікамі, а не нацыянальным войскам. Але ў той жа момант без нацыянальнага войска ў нас не можа быць нацыянальнага адраджэння і ідэнтычнасці. Таму што калі мы не будзем карміць сваю армію – мы будзем карміць чужую. Як цяпер дэ-факта атрымліваецца. Таму што, калі мы кажам пра АМАП, пра ГУБАЗіК і падобныя структуры, то дэ-факта – гэта чужая акупацыйная армія, якая падтрымлівае акупацыйны рэжым у Беларусі.

– Казаць менавіта пра армію, пра Узброеныя Сілы Беларусі я пакуль што не гатовы, там усё можа быць значна складаней, чым падаецца. Мы ведаем, што былі і працягваюцца затрыманні сярод вайсковых, у тым ліку сярод афіцэраў, не ўсё пападае ў паблікі, але гэта ёсць. Калі іх затрымліваюць, то напэўна нейкія працэсы там ідуць. Таму я не ставіў бы крыж на арміі, менавіта як на усіх сілавых структурах. А вось ГУБАЗіК, АМАП, некаторыя дробныя, як зараз настваралі, падраздзяленні так званага спецназу – гэта крыху іншае, гэта не нацыянальнае, гэта хутчэй акупацыйнае.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя