Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра бесперапынныя затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму з-за мяжы.

Днямі беларускія памежнікі знялі з рэйсавага аўтобусу 14 чалавек і адправілі іх «на размову» – частка з людзей у аўтобус пасля не вярнулася.
Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску на мяжы з краінамі Еўразвязу людзей выклікаюць на праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі».
Затрыманне пасля вяртання ў Беларусь неабавязкова адбываецца адразу на мяжы, зазначаюць праваабаронцы. Да некаторых людзей сілавікі прыходзяць праз некалькі дзён ці тэлефануюць і просяць самастойна прыйсці на размову.






