BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зоя Хруцкая: Беларускамоўным кантэнтам патрымліваем беларускую ідэнтычнасць

На ютубе з’явіўся новы беларускамоўны прадукт – “Гістфак”. Наколькі беларускамоўны кантэнт можа знайсці сваю аўдыторыю? Ці з’яўляецца цяпер беларуская мова палітыкай? І ці даходзяць беларускія медыя-прадукты, створаныя ў эміграцыі, да беларусаў у Беларусі? Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважае мэнеджарка PALATNO Media Зоя Хруцкая ў гутарцы з Юліяй Сівец.

Фота: Наста Уткіна

РР: «Палатно» – гэта што, для чаго і ўвогуле як з’явілася ідэя?

Зоя Хруцкая: «Палатно» – гэта медыя-рэсурс для беларусаў і беларусак, якім вельмі важна захаваць сваю ідэнтычнасць. У нашай дзейнасці і ў нашым кантэнце мы трымаемся заўсёды некалькіх прынцыпаў. І для чаго мы наогул ствараліся? Для таго, каб людзям, чытачам было зручна знайсці такую інфармацыю, якая іх зацікавіла б, і пры гэтым яна абавязкова павінна быць па-беларуску, трымацца фактаў і даваць штосьці новае.

Гэта можа быць напрамую адукацыйны кантэнт, напрыклад, у нас вельмі папулярныя розныя кантэнтныя адзінкі, у якіх мы расказваем пра фразеалагімы, каб адаптаваць фразеалагізм у сваю мову, як скарыстацца беларускім спрадвечным фразеалагізмам для таго, каб мова была багацейшай. Ну і наогул розныя рэчы, якія дапамагаюць нашым чытачам і чытачкам узбагаціць сваё маўленне. І таксама мы вельмі любім усялякія тэксты, якія звязаныя з гісторыяй, краязнаўствам, пра культуру. Нам падаецца, што гэта вельмі важная частка ідэнтычнасці чалавека, калі ён разумее адкуль ён, адкуль яго карані, і па-другое, якія сэнсы ён можа укладаць у тое, што з’яўляецца яго культурным здабыткам.

РР: Многія беларускія медыі наадварот выбіраюць рускую мову, што яна больш знойдзе чытачоў. Усё ж такі беларускія медыі на якой мове павінны быць? І ці насамэрч беларуская мова ў СМІ знойдзе мэтавую аўдыторыю?

Зоя Хруцкая: Сапраўды мы абралі самы складны шлях, калі вырашылі, што наш кантэнт будзе цалкам беларускамоўным. Для гэтага няма ніякіх спраяльных умоў. І я вельмі спадзяюся, што калісьці яны знойдуцца. Але пакуль што такога няма. Няма для беларускага кантэнту ўмоў і для прасоўвання, я маю на ўвазе рэкламу ў інтэрнэце. Усё гэта складана для беларускамоўнага кантэнту, але мне падаецца, што ў гэтым ёсць місія. Раз беларуская дзяржава ігнаруе гэтую місію, свядома, зланамерана. З году ў год змяншалася колкасць беларускамоўных класаў. Гэта катастрафічная з’ява і мы проста прыходзім да таго, што ідэнтычнасць беларусаў размываецца. Таму гэтую функцыю павінны выконваць іншыя, каму гэтае пытанне важнае. Мне яно важнае, маім калегам яно важнае.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя