BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Жонка і дзеці кранальна павіншавалі з днём нараджэння Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі сёння святкуе Дзень нараджэння. Дзеці напісалі бацьку лісты. Гэтыя кранальныя дзіцячыя пасланні апублікавалі ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай. Сама лідарка дэмсіл апублікавала для мужа адкрытае галасавое паведамленне:

Навін пра Сяргея Ціханоўскага няма ўжо больш за год.

“Кожны дзень без цябе — гэта новы выклік, але я веру, што мы справімся”, — заявіла Святлана Ціханоўская ў аўдыёзвароце да свайго мужа-палітвязня ў яго 46-ы дзень нараджэння.

“Мы з табой, і мы будзем змагацца да канца”, — падкрэсліла яна.

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 года на перадвыбарчым пікеце ў падтрымку жонкі, якая замест яго вылучылася кандыдатам у прэзідэнты. 14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў відэаблогера да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які праходзіў па той жа справе, быў асуджаны на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму, блогеры Уладзімір Цыгановіч з ютуб-канал “МозгON” і Ігар Лосік (праект “Беларусь галаўнога мозгу”) — на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, аператар праекта “Краіна для жыцця” Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак гэтага праекта Дзмітрый Папоў — на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фігуранты “справы Ціханоўскага” абвінавачваліся па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, перашкодзе працы Цэнтрвыбаркама.