Улады ЗША адмяняюць праграму прыёму мігрантаў з Кубы, Гаіці, Нікарагуа і Венесуэлы. Каля паўмільёна прыбылых па ёй павінны пакінуць краіну на працягу месяца.

Кіраўнік Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм выдала ўказ аб спыненні праграмы падтрымкі мігрантаў з гэтых краін. Праект указа быў апублікаваны 21 сакавіка ў дзяржаўнай базе дадзеных ЗША.
Даная праграма па прыёме мігрантаў была запушчана ў кастрычніку 2022 года адміністрацыяй Джо Байдэна. Яна дапускала ўезд да 30 тысяч чалавек у месяц з краін з цяжкай сітуацыяй у галіне правоў чалавека. Адміністрацыя Байдэна называла яе “бяспечным і гуманным” спосабам знізіць нагрузку на амерыканскія межы з боку мігрантаў.
Па гэтай праграме ў ЗША прыехалі каля 532 000 чалавек. Цяпер ім даецца 30 дзён на тое, каб пакінуць краіну, калі яны не атрымалі іншы іміграцыйны статус, які дазваляе застацца. Дакумент павінен уступіць у сілу 25 сакавіка. Прыбылыя па праграме павінны з’ехаць з ЗША да 24 красавіка.






