BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Журналіст Андрэй Кузнечык на волі

Стала вядома аб вызваленні палітвязня журналіста «Радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка, актывісткі Алены Маўшук і грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца. Пра гэта паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Фрылансера «Радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка затрымалі ў лістападзе 2021 года. Ён абвінавачваўся ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК). 8 чэрвеня яго асудзілі на шэсць год калоніі. У студзені прапагандысцкі тэлеканал ОНТ паказаў Андрэя Кузнечыка ў прапагандысцкім праекце.

Алена Маўшук была затрымана 10 жніўня 2020 года ў Пінску ў межах крымінальнай справы аб “масавых беспарадках” і асуджана на 6 гадоў калоніі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Па гэтай жа справе разам з Аленай асудзілі і яе мужа Сяргея Моўшука на 6,5 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паведамлялася, што Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Усе трое ўжо знаходзяцца ў Літве.

Прэзідэнт і генеральны дырэктар «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» Стывен Капус пракаментаваў навіну пра вызваленне Андрэя Кузнечыка:

«Гэта радасны дзень для Андрэя, ягонай жонкі і іх дваіх малых дзяцей. Пасля больш чым трох гадоў расстання гэтая сям’я зноў разам дзякуючы прэзідэнту Трампу. Мы таксама ўдзячныя дзяржсакратару Рубіа і ягонай камандзе, і літоўскаму ўраду за іх падтрымку. Мы захоўваем надзею, што наш журналіст Ігар Лосік таксама будзе вызвалены, і спадзяемся на далейшае лідарства і кіраўніцтва адміністрацыі Трампа».