Статыстыка. За студзень-люты звальненні медыкаў у Беларусі перавысілі наём на 28%. Недахоп кадраў перавышае 10 тысяч чалавек.
Як паведамляе выданне «Беларусы и рынок», апошнім часам дзякуючы росту заробкаў удалося прытармазіць уцечку кадраў, але гэта не тычыцца лекараў і медсёстраў — яны звальняюцца яшчэ больш актыўна. Паводле звестак Белстату, за студзень-люты ў сферы аховы здароўя было звольнена 5,4 тысячы чалавек. У агульнарэспубліканскай базе вакансій па стане на 20 красавіка: больш за 4,7 тысячы вакансій для лекараў, больш за 4,3 тысячы — медсёстраў.
Нагадаем, што ў Беларусі ад пачатку прэзідэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 года ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 медыкаў.
Паводле звестак ПЦ «Вясна», дзясяткі медыкаў прайшлі праз затрыманні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго з іх затрымлівалі проста на працоўных месцах. Шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананні, а з некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў.
Беларускае Радыё Рацыя