BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зварот Рады БНР да Дня герояў

РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
ЗВАРОТ ДА ДНЯ ГЕРОЯЎ
Лістапад 2025 г.

Дарагія мае Суродзічы Беларусы,

У гэтыя дні, 105 гадоў таму, дзесяць тысяч Случчакоў вырашылі, што не дапусьцяць новай навалы з Усходу, што будуць бараніць пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларускую Народную Рэспубліку.

Зьвяртаюся да вас сёньня, каб прыпомніць усім нам нашых магчыма найбольшых герояў. Прыпомніць зь вялізарнай удзячнасьцю і сказаць ім, што яны дасюль жывуць у сэрцы кожнага Беларуса, і што мы верым, што зь іхняй дапамогай мы адродзім нашую Бацькаўшчыну, не дазволім ворагам сьцерці яе з паверхні Зямлі.

Дарагія мае Суродзічы, жадаю вам з глыбіні сэрца дачакацца таго дня, калі мы зноў станем грамадзянамі нашай вольнай дзяржавы, якая зойме сваё пачэснае месца між іншымі дэмакратыямі сьвету!

Але для гэтага трэба, каб кожны і кожная з нас усьвядомілі сабе, што лёс нашай зямлі ў нашых руках. Не выпадкова стагодзьдзямі мы адчуваем прыналежнасьць да яе. Апошні раз вы паказалі гэта ў жнівені 2020-га году, калі цывілізаваны сьвет пераканаўся, што нават пад ботам дыктатара вы ведаеце хто вы і верыце ў вашую вольную будучыню.

Гэта было вашае найнавейшае дасягненьне ў гэтым стагодзьдзі, вынікі якога мы бачым да сёньня. Нягледзячы на ўсе намаганьні агрэсіўнага суседа і яго траянскага каня на нашай зямлі, сьвет памятае 20-ты год і ніколі не забудзе тых сотняў тысяч бел-чырвона-белых сьцягоў, якія луналі ў жнівені над нашым краем! Збудавалі вы падмурак, які дасюль бароніць у сьвеце нашую нацыянальную ідэю і наш народ.

Дарагія мае Суродзічы, заклікаю ўсіх вас з удзячнасьцю адзначыць Дзень Герояў!

Жыве Беларусь!

Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвілла