BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

10 гадоў зняволення і 10 гадоў ссылкі

16 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Яна Скрыгана (1905-1992).

Ян Скрыган
Ян Скрыган

Ян Скрыган нарадзіўся ў вёсцы Труханавічы Менскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля парафіяльна-царкоўнай школы вучыўся ў Слуцкай духоўнай вучэльні, у школах першай і другой ступені, у рэальнай вучэльні, мяшанай гімназіі, нарэшце, у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (пакінуў з чацвёртага курса ў 1924 годзе). Потым працаваў у слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік», пасля – загадчыкам Народнага дома ў Расонах, у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына».

Малады Ян Скрыган, 1926 г.
Малады Ян Скрыган, 1926 г.

У 1928-1932 гадах Ян Скрыган вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1933-1936 гадах працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». З’яўляўся сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Літаратурна-мастацкая камуна».

У канцы 1936 года Ян Скрыган быў арыштаваны і 5 кастрычніка 1937 года асуджаны на 10 год зняволення ў лагерах і на 10 гадоў ссылкі. Пакаранне адбываў у Нова-Іванаўскім лагеры (пад Марыінскам). У ссылцы працаваў на нумарным заводзе ва Узбекістане, у сланцахімічнай прамысловасці ў Эстоніі, на новабудоўлях Краснаярскага краю. У канцы 1954 года быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР.

Аляксей Кулакоўскі і Ян Скрыган, 1982 г.
Аляксей Кулакоўскі і Ян Скрыган, 1982 г.

З 1955 года Ян Скрыган працаваў  рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР у Менску, а з 1959 года – рэдактарам аддзела прозы, потым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Быў таксама загадчыкам літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У 1985 годзе атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Першыя выданні
Першыя выданні

Дэбютаваў у друку Ян Скрыган вершам у 1925 годзе (слуцкая газета «Вясковы будаўнік»). Удзельнічаў у альманахах «Росквіт» (1925), «Наддзвінне» (1926), «Зарніцы» (1928), у калектыўным зборніку «Слуцкія песняры» (1926), у кнізе з гісторыі Магілеўскай шаўковай фабрыкі «На Цішоўскай пустэчы» (1931). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Затока ў бурах» (1929), «Каця Лапянкова» (1932), «Сустрэчы» (1935), «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969), «Кругі» (аповесць з доказамі, 1986). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1975, 1985) і іншыя выданні.

Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка і Ян Скрыган, Полацк, 1927 г.
Сцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка і Ян Скрыган, Полацк, 1927 г.

Ян Скрыган напісаў і пакінуў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы рускіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

За ўдзел у стварэнні Беларускай энцыклапедыі пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Успаміны пра Яна Скрыгана
Успаміны пра Яна Скрыгана

 Беларускае Радыё Рацыя