Беларускі сялянскі саюз (БСС) быў заснаваны ў 1925 годзе ў выніку расколу ў Беларускім пасольскім клубе. Арганізацыя аб’ядноўвала вакол сябе прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычнай плыні беларускага руху і разглядалася як альтэрнатыва леварадыкальнай Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Эканамічны блок праграмы Беларускага сялянскага саюза меў дастаткова левы накірунак, аднак у палітычным плане партыя выступала за ўтварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы па ўзору Беларускай Народнай Рэспублікі.


Беларускі сялянскі саюз дзейнічаў у 1925-1932 гадах. Ён быў створаны ў Вільні беларускімі пасламі ў польскім сейме Васілём Рагулем і Фабіянам Ярэмічам. Да сакавіка БСС існаваў як ініцыятыўная група. Але на першай канферэнцыі 24 сакавіка 1926 года была прынята палітычная праграма і абраны ЦК БСС. У склад ЦК увайшлі Васіль Рагуля, Фабіян Ярэміч, Адам Більдзюкевіч і Браніслаў Туронак. Цэнтральным друкаваным органам з’яўлялася газета “Сялянская ніва”.

З мэтаю пашырэння сваёй сацыяльнай базы сярод беларускага сялянства кіраўнікі БСС разам з лідарамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі летам 1926 года стварылі Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, які дзейнічаў да 1936 года. А пасля быў забаронены польскімі ўладамі.

Беларускае Радыё Рацыя






