29 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага і татарскага грамадска-культурнага дзеяча, даследчыка, публіцыста і журналіста Мацея Канапацкага (1926-2020).

Мацей Канапацкі нарадзіўся ў Вільні ў мусульманскай сям’і Гасана і Галены з Ільясевічаў. Вучыўся ў агульнай школе імя Шымана Канарскага, у гімназіі імя Адама Міцкевіча, а падчас Другой сусветнай вайны – у Віленскай беларускай гімназіі.
Пасля вайны Мацей Канапацкі з бацькамі і сястрой пераехаў у Быдгашч. Закончыў рускую філалогію Варшаўскага ўніверсітэта, а ў 1957-1964 гадах працаваў журналістам у рэдакцыі беларускага тыднёвіка “Ніва” у Беластоку. Ён актыўна пісаў пра польска-беларускія літаратурныя сувязі і жыццё беларусаў у Польшчы.

У 1958-1960 гадах Мацей Канапацкі працаваў журналістам у беларускай рэдакцыі Радыё Беласток. А ў 1977 годзе пераехаў у Сопат.
У 1976 годзе Мацей Канапацкі абараніў магістарскую працу на тэму “Янка Купала як перакладчык паэзіі Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і Марыі Канапніцкай”. Быў адным з арганізатараў Варшаўскага аддзялення БГКТ. Прымаў удзел у Першым з’ездзе згуртавання беларусаў свету ў Менску.
Апошнія гады жыцця Мацей Канапацкі жыў у Сопаце, з’яўляўся актыўным удзельнікам Беларускага культурнага таварыства “Хатка”. У 2011 годзе тыднёвік “Ніва” ў Беластоку асобнай кнігай выдаў яго артыкулы пад назвай “Увесь свет Мацея Канапацкага”. Публіцыстыку Канапацкага сабрала і апрацавала вядомая гісторык Лена Глагоўская.

Беларускае Радыё Рацыя






