BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

100 гадоў паэту Анатолю Вялюгіну

27 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, кінадраматурга і перакладчыка Анатоля Вялюгіна (1923-1994).

Анатоль Вялюгін нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сенненскага раёна ў сям’і фельчара. У 1934 годзе пачалі друкаваццца яго нататкі і замалёўкі ў часопісе «Іскры Ільіча», газетах «Піянер Беларусі», «Віцебскі рабочы». У 1938 годзе ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» быў надрукаваны яго першы паэтычны твор – верш «Матчына песня».

У 1939 годзе Анатоль Вялюгін паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Вучыўся і адначасова працаваў у рэдакцыях газет «Звязда», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі». Восенню 1940 года стаў вольным слухачом сцэнарнага факультэта Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі, дзе лекцыі чытаў рэжысёр Аляксандр Даўжэнка.

У гады Другой сусветнай вайны малады паэт разам з роднымі эвакуіраваўся на Урал, дзе ён вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. У 1942 годзе Анатоль Вялюгін стаў курсантам Лугінскай авіяцыйнай школы. Ён удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце, дзе атрымаў раненне.

У 1945–1946 гадах паэт-франтавік працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» ў Менску. У 1946 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 1947 годзе выйшла першая кніга паэта «Салют у Менску». У 1948 годзе літаратар скончыў Менскі педагагічны інстытут. У 1946–1984 гадах з невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя».

За зборнік вершаў «Голуб на вежы» паэт атрымаў званне лаўрэата Першай ступені Усебеларускага фестывалю моладзі. У 1964 годзе за паэму «Вецер з Волгі» была прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы.

Аўтар зборнікаў «Салют у Мінску» (1947), «Негарэльская арка» (1949), «На зоры займае» (1958), «Насцеж» (1960), «Песня зялёнага дуба» (1989), «3 белага камення – сіняе пламенне» (1993) і іншых паэтычных зборнікаў для дзяцей. Па яго сцэнарыях на кінастудыі знята 45 дакументальных стужак, з іх 16 – поўнаметражныя. Пастаўлены мастацкія кінафільмы: двухсерыйны «Рэха ў пушчы» (1977), «Глядзіце на траву» (1983) паводле ваенных навел Янкі Брыля. У 1968 годзе за сцэнарый хранікальна-дакументальнага фільма «Генерал Пушча» быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1969).

Вершы паэта, пакладзеныя на музыку Ігарам Лучанком, сталі шырока вядомымі песнямі. Сярод іх – «Бярозка», «Закасі мае вёсны», «Сын зямлі на віхурнай арбіце». Апошняя кніга паэзіі «Заклён на скрутны вір» выйшла ў свет пасля смерці пісьменніка ў 1995 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя