Курган Бессмяротнасці ў Наваградку знаходзіцца на вуліцы Малы Замак на Замкавай гары. Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча — штучны ўзгорак, які пачалі насыпаць 27 траўня 1924 года. Падобная практыка стварэння кургана ў гонар асобнага чалавека з’яўляецца ўнікальнай для Беларусі.

Наваградак цесна звязаны з жыццёвым і творчым шляхам Адама Міцкевіча. Паэт нарадзіўся паблізу Наваградка на хутары Завоссе. У Наваградку прайшлі яго дзіцячыя гады, тут у 1815 годзе ён скончыў дамініканскую школу. У Наваградку адбываюцца падзеі, якія апісаны паэтам у паэмах «Мешка, князь Наваградка», «Гражына». Падзеі, што адбыліся ў ваколіцах апісаны у паэме «Пан Тадэвуш». Таму і выбраны быў Наваградак месцам для мемарыяльнага кургана.

Зямлю для кургана бралі з раскопаў на замку. Каля падножжа кургана пастаўлена стэла з надпісам-прысвячэннем. Курган занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны міжнароднага значэння. Насыпаны па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта на пляцы, які быў выкуплены за 6 тысяч злотых, што былі сабраны добраахвотнымі ахвяраваннямі. Урачыстая закладка кургана адбылася 100 гадоў таму. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Каля яго падножжа была ўстаноўлена стэла з надпісам-прысвячэннем, якая ў 1998 годзе, ў сувязі са святкаваннем 200-годдзя з дня нараджэння паэта, была заменена на валун. Недалёка ад кургана ў 1992 годзе быў усталяваны таксама помнік Адаму Міцкевічу.




Беларускае Радыё Рацыя