BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

100 гадоў з дня нараджэння Хведара Кажаневіча

Грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі Хведар Кажаневіч нарадзіўся 14 лютага 1925 года ў вёсцы Любель Пінскага павета (цяпер Пінскі раён). Кажаневічы трапілі пад рэпрэсіі таму, што іх бацька – мясцовы селянін, зарабляў хлеб працаю лясніка, якога прыраўнялі да асаднікаў. 10 лютага 1940 года разам з бацькамі Хведар быў дэпартаваны на катаргу ў раён горада Архангельск. Там якраз стала лютаваць эпідэмія тыфу, Хведар захварэў ажно на чатыры месяцы. А яго бацька хварэў усяго два тыдні і памёр. У канцы 1941 года сям’я пастанавіла ехаць на поўдзень, трэба было ратавацца, бо пагражала смерць, не было ні ежы, ні матэрыяльных рэчаў. Удалося ім дабрацца да Архангельска, адтуль выдзелілі перасяленцам цягнік. Недзе каля Волагды ў цягніку памёр іх дзед. Сям’і Кажаневічаў удалося ўрэшце дабрацца да Куйбышава (цяпер горад Самара). Застаўшыся без старэйшых мужчын – бацькі і дзеда, 17-гадовы Хведар мусіў узяць на сябе клопат пра сям’ю з шасці чалавек. У 1942 годзе, каб уратаваць сваё жыццё і сям’ю, ён запісаўся ў Армію Андэрса. 

Пазней Кажаневіч успамінаў: «Мы даведаліся, што фармуецца польскае войска на Поўдні і хто ўступіць у польскае войска, то ягоная сям’я будзе зарэгістраваная на выезд з Савецкага Саюзу. Я пастанавіў уступіць у польскае войска. У Куйбышаве я зарэгістраваў сваю сям’ю на выезд з СССР, але я яшчэ не належаў да войска. Трэба было ехаць аж да Самарканда ва Узбекістан, яшчэ далей – у пасёлак Керменэ, каб прайсьці камісію на ўступ у польскае войска». Пасля таго, як хлопец атрымаў накіраванне ў падафіцэрскую школу, ён пачаў вучыцца, але праз месяц цяжка захварэў на дызэнтэрыю. Кажаневіч выжыў і прайшоў у складзе Арміі Андэрса Іран, Палестыну, Італію. Удзельнічаў у вядомай бітве за Монтэ-Касіна, за што меў узнагароду. Кажаневічу давялося стаць сведкам адной з самых жорсткіх бітваў, якую вялі войскі саюзнікаў на тэрыторыі Італіі пад час той вайны. Монтэ-Касіна – гэта бернардынскі кляштар на гары, за якую ішла бойка, даў назву гэтай падзеі ў гісторыі. Многа пазней Кажаневіч напісаў прадмову да кнігі «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна». Баявы шлях удзельніка бітвы пад Монтэ-Касінам скончыўся ў італьянскай Балоньі.

Нягледзячы на ахвярнасьць дзеля сваёй сям’і, яго родным так і не ўдалося выехаць з Савецкага Саюзу, яны затрымаліся ў Казахстане. Пасля вайны сям’я Кажаневічаў вярнулася ў Беларусь і пабудавала новы дом у сваёй спаленай немцамі вёсцы. Са сваімі роднымі Хведар Кажаневіч сустрэўся толькі праз 40 гадоў, калі ў 1984 годзе наведаў Бацькаўшчыну.  

У 1946 годзе Кажаневіч прыехаў у Вялікабрытанію. З 19 студзеня 1947 года быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. Першыя гады жыў у Брадфардзе (Ёркшыр), потым перабраўся ў Манчэстэр, дзе працаваў інспектарам транспарту. Быў актывістам і доўгагадовым старшынём аддзелу ЗБВБ у Манчэстэры. З 1949 года быў сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў. Адзін з арганізатараў беларускай суботняй школкі ў Манчэстэры, старшыня бацькоўскага камітэта. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага клуба ў Манчэстэры, выконваў абавязкі яго скарбніка. Быў сябрам Рады Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Вялікабрытаніі. На ягоных плячах трымалася беларускае жыццё ў графстве Ланкашыр.

Памёр Хведар Кажаневіч 27 лютага 2007 года ў Манчэстэры.