3 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вязня гітлераўскага палону і сталінскага ГУЛАГу, паэта і фармацэўта Віталя Губарэвіча (1926-1976).

Віталь Губарэвіч нарадзіўся 3 студзеня 1926 года ў вёсцы Наваельня Дзятлаўскага раёна. Калі яму споўнілася два гады – памерла маці. Бацька Віталя спачатку працаваў псаломшчыкам у царкве, а потым, калі прыйшлі саветы, на чыгунцы. Але аднойчы ў іх дом завіталі людзі ў цывільным з наганамі, зрабілі ў хаце вобыск, ператрэслі ўсе кнігі, але нічога крымінальнага і падазронага не знайшлі. Тым не менш бацьку Віталя Губарэвіча Міхася Губарэвіча арыштавалі. Больш сын і ўсе родныя і блізкія яго людзі, а таксама вяскоўцы, ніколі Губарэвіча старэйшага не бачылі, нават нічога не змаглі даведацца пра яго далейшы лёс.
Калі пачалася вайна, Віталь працягваў вучобу ў вячэрняй школе, а таксама падпрацоўваў на чыгунцы, каб дапамагчы сям’і. Немцы неяк запрыкмецілі на чыгунцы юнака і хутка яго адправілі на працу ў Германію. Па іншай інфармацыі, Віталь быў арыштаваны ў Вільні, там ён знаходзіўся ў роднай сястры. Выйшаў на рынак і трапіў у аблаву, дзе яго і схапілі. У Германіі ён цяжка працаваў на адным з ваенных заводаў.
На Дзятлаўшчыну юнак вярнуўся вясной 1945 года. Адразу пачаў працаваць, а таксама працягваў вучобу ў вячэрняй школе. Тады зачытваўся творамі беларускай літаратурай, сам пісаў вершы, але нікому іх не паказваў. На радзіме шукаў аднадумцаў, сяброў, якія яго разумелі б, з якімі ён мог бы падзяліцца сваімі думкамі і планамі.

У 1946 годзе Віталь Губарэвіч становіцца сябрам Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). Найперш упаўнаважаным СВБ на Дзятлаўшчыне. Супрацоўнікі НКУС яго часта затрымлівалі, выклікалі юнака на допыты, але стопрацэнтных доказаў знайсці не змаглі. І хоць Віталю было толькі 20 гадоў, за гэты час ён шмат бачыў і перажыў, меў пэўны жыццёвы вопыт. Але ўлады хацелі зламаць яго дух. Як жа так: бацька быў ворагам народа, сам Віталь падчас вайны знаходзіўся ў Германіі, а вярнуўшыся дамоў засёды размаўляў па-беларуску, пісаў вершы… За Віталем пастаянна сачылі. І неяк сярод сяброў СВБ знайшоўся здраднік, які іх выдаў НКУС. Сяброў арыштавалі: адных саслалі ў Сібір, іншых расстралялі. Не ўдалося толькі арыштаваць Губарэвіча. Але аднойчы такі момант здарыўся. У вячэрняй школе, дзе вучыўся Віталь, вісеў партрэт Сталіна. Неяк нехта выкалаў дыктатару вочы. Доўга шукалі вінаватага, пакуль нарэшце сын дырэктара школы не сказаў, што гэта зрабіў Губарэвіч, хаця ён да гэтай справы ніякага дачынення не меў. Хутка Віталя арыштавалі і далі яму 10 гадоў, адправіўшы ў Варкуту, а потым у Інту. Адбылося гэта ў траўні 1947 года.

У лагерах дзятлаўскаму хлопцу было невыносна цяжка, але дух юнака не зламалі. У яго пачаліся сухоты. Ад гэтай хваробы і ад цяжкай працы паміралі дзясяткі сяброў. Але Віталь трымаўся сваіх землякоў, якія разам дапамагалі адзін аднаму выжыць. Там ён пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, перадаваў праз сяброў ёй свае вершы, спрачаўся, разважаў. Адзін з вершыў нават прысвяціў паэтцы.
На родную Бацькаўшчыну Віталь Губарэвіч вярнуўся ў 1956 годзе, тады яму было толькі 30 гадоў. У Наваельні на Дзятлаўшчыне ён здаў экзамен за курс сярэдняй школы і паступіў на фармацэўтычны факультэт Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута, які скончыў, атрымаўшы спецыяльнасць правізара-фармацэўта. Працаваў у аптэках вёскі Наваельня, у Наваградку, а потым яго прызначылі на працу ў вёску Дварэц аптэкарам.

Вёсцы пашанцавала. Бо, акрамя сваёй працы, Віталь вёў актыўнае грамадскае жыццё. Ён іграў у Наваельнянскім духавым аркестры, арганізаваў тэатральны гурток у мясцовым клубе ў Дварцы. Вясковыя артысты часта паказвалі пастаноўкі па творах беларускіх драматургаў. Сам Віталь выдатна іграў камедыйныя ролі, пісаў розныя вершаваныя гумарэскі на тэмы вясковага жыцця і выконваў іх на сцэне. У вольны час ён спрабаваў пісаць вершы, займаўся перакладамі гумарэсак з польскага часопіса “Шпількі”, які выпісваў. Збіраў і запісваў у вёсках Дзятлаўшчыны легенды і паданні.
Але страчанае здароўе ў Германіі і 9 гадоў лагераў рана забралі ў яго жыццё. Віталя Губарэвіча не стала ў 1976 годзе. Яго пахавалі на могілках у вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, дзе да сённяшніх дзён стаіць там сціплы помнічак.

Беларускае Радыё Рацыя






