BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

100-гадовы юбілей беларускага гісторыка Юры Весялкоўскага

2 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня дня нараджэння беларускага гісторыка, публіцыста і выдаўца з Лондана Юры Весялкоўскага (1924-2017).

Юры Весялкоўскі нарадзіўся ў Новым Свержані на Стаўбцоўшчыне. У 1942 годзе пачаў навуку ў Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Вясною 1944 года ў групе шасьцідзесяці семінарыстаў быў накіраваны ў афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. У канцы чэрвеня 1944 года школу эвакуіравалі ў Прусію, а яе вучняў накіравалі на французскі фронт. У жніўні 1944 года Юры Весялкоўскі ўцёк да французскай партызанкі і быў інтэрваваны амерыканцамі. Як грамадзянін II Рэчы Паспалітай быў пераведзены ў польскі ваенны лагер. А адтуль 27 снежня 1944 года накіраваны ў польскія падраздзяленні, якія змагаліся ў Італіі.

Пасля вайны беларус пераехаў у Вялікабрытанію. Жыў ў Лондане. У 1947 годзе быў адным з заснавальнікаў Згуртавання Беларускіх Работнікаў Вялікабрытаніі. З’яўляўся дзеячам Хрысціянскага Аб’яднання Беларускіх Работнікаў — да 1962 года быў яго сакратаром.

Юры Весялкоўскі рэдагаваў часопісы “Аб’еднаньне” (1948-1962), “Званіца” (1974-1976) і двухмесячніка “Голас Часу” (1989-1996). Ён пісаў артыкулы на гістарычную тэматыку. Выдаў кнігі “Дарогі рымскіх папаў на Ўсход” (1992), “Што прывяло Армію Краёву на Беларусь?” (1995), “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” (1996), “Няясна мроіліся новыя дарогі” (1997), “Нарысы па гісторыі Беларусі. Частка I — да 1384 года” (1998), “Па слядах Другой сусветнай вайны” (2002), “Нарысы па гісторыі Беларусі” (2002), “Рабы ў старажытным і сучасным свеце” (2003), “Ад Гарбачова да Белавежы” (2004), “Дух часу” (2005), а таксама зборніка вершаў “Каляды на чужыне” (1999) і іншыя. Памёр і пахаваны ў Лондане.

Беларускае Радыё Рацыя