У студзені споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Карпечанкі (1925-2005). Але гэты юбілей для творчай інтэлігенцыі і для пісьменнікаў Беларусі прайшоў неяк непрыкметна.

Васіль Карпечанка нарадзіўся ў Чачэрскім раёне на Гомельшчыне.
Вучыўся ў Нова-Беліцкім лесатэхнічным тэхнікуме. Быў удзельнікам Другой сусветнай вайны. Тройчы яго паранілі. Пасля дэмабілізацыі з 1946 года працаваў настаўнікам пачатковых класаў Сідаравіцкай і Роўкавіцкай школ Чачэрскага раёна. У 1952 годзе ён скончыў Гомельскую педагагічную навучальню, а ў 1957 годзе – беларускае аддзяленне Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром рэдакцыі Магілеўскай раённай газеты. А потым свой лёс звязаў з педагогікай, з Рэчкаўскай сярэдняй школай Магілёўскага раёна, дзе ён працаваў дырэктарам школы, настаўнікам роднай мовы каля 30 гадоў.

Выступаў Васіль Карпечанка ў друку з 1953 года. Аўтар зборнікаў для дзяцей “Сонейка ўзышло” (1961), “Сандалікі-скакалікі” (1994), “Крылаты будзільнік” (1998) і іншыя. Многія вершы ўключаны ў школьныя падручнікі для малодшых класаў «Верасок», «Кніжка-малышка», «Ад вясны да вясны», у калектыўныя зборнікі. Апублікаваў шмат гумарэсак для дарослых. Зборнік вершаў “Толькі з табою” (1998) пакладзены на музыку.






