BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«1084. На мяжы»: украінска-беларускі фестываль дакументальнага кіно

З 20 студзеня ва Украіне працягнецца фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы».

У Кіеве і Тэрнопалі пройдуць заключныя афлайн-паказы беларускіх дакументальных стужак, а таксама будуць арганізаваныя круглыя сталы для абмеркавання балючых пытанняў і адносін паміж двума народамі.

«1084. На мяжы» – ужо другі фестываль ва Украіне, ініцыяваны беларускім асветніцка-сацыяльным грамадскім аб’яднаннем «Звяно». 1084 кіламетры – працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны.

Арганізатары спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў абедзвюх краін і абмеркаваць сучасную сітуацыю, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі і тэрорам.

У праграме фестывалю ў Кіеве будуць прадстаўленыя стужкі незалежных беларускіх кінематаграфістаў: нашумелая дакументальная карціна «Motherland/Радзіма» Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча, якая трапіла ў шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі-2023 будзе дэманстравацца 20 студзеня, «Беларускі вальс» польскага рэжысёра Анджэя Фідыка пра мастака Алеся Пушкіна можна будзе паглядзець 21 студзеня.