
Грамадская дзяячка беларускай эміграцыі (Канада), аўтарка падручнікаў і “Ангельска-беларускага слоўніка” Валянціна Пашкевіч нарадзілася 5 лютага 1916 года ў горадзе Казельск (Калужская вобласць, Расія). Нарадзілася ў беларускай сям’і Міколы і Надзеі Жукоўскіх з Пружанаў, якая ў час Першай сусветнай вайны апынулася ў бежанстве ў Расіі. Сям’я Жукоўскіх была нацыянальна свядомай і заангажаванай беларушчынай. Бацька Валянціны Мікола атрымліваў з Вільні беларускую літаратуру – календары, газету “Крыніца” ды іншую перыёдыку – і чытаў яе для ўсяе сям’і ўголас. І такім асветніцкім чынам перадаваў дзецям свой беларускі патрыятызм.
У 1919 годзе Валянціна Жукоўская вярнулася з бацькамі на радзіму. У 1935 годзе ў Пружанах яна скончыла польскую гімназію-сямігодку імя Адама Міцкевіча, як найлепшая вучаніца, атрымала ўзнагароду: том нямецка-польскага і польска-нямецкага слоўніка. У тым жа годзе паступіла на факультэт класікі – мовы і культуры старажытнай Грэцыі і Рыму ва Універсітэт імя Стэфана Баторыя ў Вільні.
Адразу ўключылася ў актыўнае на той час беларускае жыццё Вільні. Стала сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні. Як сябра ўправы гэтай арганізацыі выконвала функцыю скарбніка. Наведвала лектарат беларусаведаў доктара Янкі Станкевіча ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Пасля двух гадоў вучобы перавялася на фізіка-матэматычны факультэт.
У 1939 годзе Валянціна Жукоўская пры спрыянні вядомай асветніцы Кацярыны Стаўбуннік пачала выкладаць беларускую мову ў былой польскай гімназіі і на курсах для настаўнікаў. У 1944 годзе была змушаная выехаць у Германію, працавала ў перакладчыцкім бюро «Вінета». Пасля вайны апынулася ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. Выкладала ў беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча фізіку, была сцяжной беларускага жаночага скаўтынгу.
У ліпені 1949 года Валянціна Жукоўская пераехала ў Таронта (Канада). У 1950 годзе на другім з’ездзе Згуртавання беларусаў Канады выконвала абавязкі сакратара. Выйшла замуж за Міхася Пашкевіча. Пазней – разам з мужам – была ў Беларускім нацыянальным аб’яднанні. У 1950-60 гадах – арганізатарка і кіраўнічка беларускага танцавальнага ансамбля. Пасля арганізуе і 15 год кіравала беларускай суботняй школай пры царкве Святой Ефрасінні Полацкай у Таронта.
Валянціна Пашкевіч склала «Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968 год). Яна аўтарка англамоўнага падручніка «Беларуская мова = Fundamental Byelorussian». Таронта, 1974. Т. 1; 1978. Т. 2) – адзінага сістэматычнага і найбольш поўнага курса беларускай мовы за межамі Беларусі. Падручнік абапіраецца на правапіс Браніслава Тарашкевіча з пазнейшымі ўдакладненнямі, прынятымі на эміграцыі пад уплывам Янкі Станкевіча і Антона Адамовіча. Падрыхтавала вялікі (каля 50 тысяч слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала артыкул «Навучаньне беларускае мовы ў англямоўным асяродзьдзі» (1983 год).
Памерла Валянціна Пашкевіч 25 сакавіка 2004 года ў Таронта. Пахавана на Trafalgar Lawn Cemetery (Оквіл, Антарыа).






