BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

115 гадоў з дня нараджэння Леаніда Галяка

Беларускі юрыст, журналіст, грамадскі дзеяч эміграцыі Леанід Галяк нарадзіўся 31 кастрычніка 1910 года ў Вільні на так званым Зарэччы. Паходзіў з сям’і паштовага службоўцы. Бацька Ян Галяк быў родам з гістарычнай Ашмяншчыны – нарадзіўся і жыў у Іўі. Маці Леаніда Галяка – Аўгення – з роду Пяткевічаў, паходзіла з тэрыторыі цяперашняй Літвы. У 1912 годзе Ян Галяк быў прызначаны начальнікам пошты ў мястэчку Бэйсагола ў шавельскім павеце на Жамойці. У пачатку 1914 года сям’я вярнулася ў Вільню. У час першай сусветнай вайны Леанід Галяк разам з блізкімі сваякамі, спярша без бацькі, быў у бежанстве – у Новазыбкаве на Браншчыне, горадзе, дзе жылі пераважна расейскія стараверы. У 1916 годзе Леанід моцна хварэў. У 1918 годзе сям’я падалася ў горад Ліпецк. Там Леанід зноў моцна хварэў, вучыўся ў Ліпецкай пачатковай школе. Сям’я жыла ў нястачы, бацька не вытрымаў на чужыне і з’ехаў у Вільню.

Уся сям’я вярнулася ў Вільню ў студзені 1922 года. У канцы зімы Леанід пайшоў у пачатковую школу пры Першай Беларускай Віленскай гімназіі, потым вучыўся ў той гімназіі. Гімназія была на Вострабрамскай вуліцы ў славутых Базыльянскіх мурах. Настаўнікамі былі такія вядомыя асобы як Ігнат Дварчанін, Мікола Марцінчык, Вінцэнт Грышкевіч, Антон Нэканда-Трэпка, Антон Луцкевіч. Скончыў гімназію Галяк у чэрвені 1930 года. Далей у 1930-35 гадах навучаўся на хімічным, а пазней юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэту. Тады пачаў удзельнічаць у беларускім адраджэнскім руху.

У час другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі Галяк працаваў суддзём Мінскага акруговага суду. У 1944 годзе прызначаны рэктарам створанага Беларускага юрыдычнага інстытута, аднак у сувязі з вяртаннем бальшавікоў з’ехаў у эміграцыю. У 1944-45 гадах Леанід Галяк – супрацоўнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады. Заснаваў Беларускае бюро ў Брытанскай зоне акупацыі Нямеччыны. Адзін з заснавальнікаў Саюзу беларускіх журналістаў на чужыне і выдання “Летапіс беларускай эміграцыі”.

З 1949 года Леанід Галяк жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў і першы рэдактар газеты “Беларус” (1950-51). Сябра БАЗА, у 1953-56 гадах уваходзіў ва ўправу Стэмфардскага аддзелу арганізацыі. У 1955 годзе выйшаў з Рады БНР, а ў наступным годзе і з БАЗА. Спрычыніўся да заснавання Камітэту вызвалення Беларусі. Менавіта адышоўшы ад згаданых арганізацый, ад усіх тых закалотаў, сварак, інтрыгаў, ён займеў час для стварэння сваіх найгалоўнейшых рэчаў. Леанід Галяк працаваў шмат, але выдаваць не спяшаўся: пераважная частка яго спадчыны пабачыла свет пасля смерці аўтара, дзякуючы намаганням жонкі Раісы і сяброў-паплечнікаў, найперш Васіля Шчэцькі, а таксама Міколы Панькова.

Леанід Галяк – аўтар “Успамінаў” (надрукаваныя ў 2-х тамах у 1982-83 гг.), пазбаўленых палітычнай ангажаванасці і поўных тонкага гумару ў апісанні побыту і характараў беларускіх грамадскіх дзеячаў як у Беларусі, так і на эміграцыі. Галяк зрабіў таксама пераклады выбраных кніг Старога Запавету на беларускую мову. Яны былі зроблены яшчэ ў 1949-50 гадах у час знаходжання ў нямецкім Ватэнштэце. Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасні 1973 года біскупу Сіповічу ў Лондан у звязку з паўсталай ідэяй стварэння новага перакладу Бібліі.

Памёр Леанід Галяк 3 красавіка 1980 года ў Стэмфардзе (штат Канектыкут, ЗША). Пахаваны ў Іст-Брансвіку на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.