BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

120 гадоў з дня нараджэння паэта Міхася Васілька

14 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта з Гарадзеншчыны Міхася Васілька (1905-1960).

Нарадзіўся Міхась Васілёк у вёсцы Баброўня Гарадзенскага раёна ў сям’і лесніка. Падчас Першай сусветнай вайны выехаў з бацькамі на Паволжа. Пасля заканчэння школы працаваў на чыгунцы. У 1922 годзе ён вярнуўся на Радзіму і ўключыўся ў вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Ён уваходзіў у актыў Скідзельскай павятовай арганізацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, арганізоўваў гурткі Таварыства беларускай школы, праводзіў культурна-масавую работу, удзельнічаў у пастаноўках аматарскіх спектакляў і вечарах, на якіх выступаў з прамовамі і вершамі. У другой палове 1920-х гадоў паэт працаваў сакратаром часопіса «Маланка», у рэдакцыях газет «Народная справа», «Сіла працы» і іншых.

У 1939 годзе Міхась Васілёк быў мабілізаваны ў польскае войска. Пасля нападзення Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года ў адным з першых баёў ён трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк. Дабраўся да родных мясцін і ўключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Быў сакратаром Скідзельскага падпольнага антыфашысцкага камітэта, потым знаходзіўся ў партызанах. Падчас гітлераўскай акупацыі Міхась Васілёк пад псеўданімам Язэп Гром пісаў вершы, якія друкаваліся ў партызанскіх газетах. Яны прысвячаліся загінуўшым сябрам, падпольшчыкам, закатаваным у турмах.

Міхась Васілёк (пасярэдзіне) у Гародні, 1950-я гады. У канцы бачна Фара Вітаўта, самы стары касцёл Гародні, які быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1961 г.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паэт працаваў у скідзельскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1944–1946), пазней – у «Гродзенскай праўдзе». У 1945 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.

Друкавацца Міхась Васілёк пачаў у 1926 годзе. У 1929 годзе ў Вільні з дапамогай Рыгора Шырмы выйшаў лірычны зборнік “Шум баравы”. Гэты зборнік быў канфіскаваны польскай паліцыяй. Рукапіс другой кнігі ўлады забаранілі і знішчылі ў 1935 годзе. У 1937 годзе выйшаў лірычны зборнік паэта «З сялянскіх ніў.

Вершы Міхася Васілька ведалі і чыталі на сходах, мітынгах, яны гучалі са сцэны вясковых гурткоў самадзейнасці, некаторыя («У бой на акупанта» і «Нашто, каб вы нас баранілі») сталі песнямі. Талент Міхася Васілька ярка праявіўся і ў жанры сатыры.

У пасляваенныя гады былі выдадзены зборнікі твораў Міхася Васілька «Выбраныя вершы» (1950) і Выбраныя творы» (1955); пазней – зборнікі «Зоры над Нёманам» (1963) і «Вершы» (1973).

Канверт, прысвечаны Міхасю Васільку. Выдадзены “Белпоштай” да 100-годдзя паэта.

Памёр Міхась Васілёк 3 верасня 1960 годзе ў Гародні. Пахаваны на праваслаўных гарадскіх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя