BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

120 гадоў з дня нараджэння скульптара Андрэя Бембеля

30 кастрычніка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, скульптара Андрэя Бембеля (1905-1986).

Нарадзіўся Андрэй Бембель у г. Веліж на Смаленшчыне ў шматдзетнай сям’і служачага павятовага казначэйства. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Веліжскую народную мастацкую школу. Там адбылося яго знаёмства з выдатным скульптарам і педагогам Міхаілам Керзіным, дзякуючы якому Андрэй Бембель вызначыў свой далейшы жыццёвы шлях. Пасля вучобы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме малады мастак паступіў у Ленінградскі вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут.

З пачатку 1930-х гадоў Андрэй Бембель жыў і працаваў у Менску. У гэты час у сталіцы вялося будаўніцтва Дома урада. У 1932–1936 гадах малады мастак разам з сябрамі-скульптарамі пад кіраўніцтвам свайго настаўніка Міхаіла Керзіна працаваў над аздабленнем памяшканняў гэтага будынка. Потым займаўся афармленнем інтэр’ераў Дома Чырвонай Арміі ў Менску (цяпер Цэнтральны Дом афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь). У 1939 годзе разам з іншымі беларускімі мастакамі ўдзельнічаў у афармленні павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Андрэя Бембеля мабілізавалі, але ў пачатку 1943 года разам з іншымі вядомымі дзеячамі мастацтва ён быў адкліканы ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У Маскве ў невялікай майстэрні Андрэй Бембель стварыў свой галоўны твор ваенных гадоў – партрэт Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы (1943).

Мікалай Гастэла. Скульптар Андрэй Бембель

У ліпені 1944 года скульптар вярнуўся ў Менск, дзе шмат часу прысвяціў аднаўленню і рэстаўрацыі пашкоджаных і разбураных скульптурных ансамбляў. Ён – аўтар праектаў аднаўлення ляпных упрыгажэнняў у глядзельных залах Дзяржаўнага тэатра оперы і балета і Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы ў Менску.

У ліпені 1954 года ў Менску быў адкрыты велічны манумент у гонар Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Яго аўтарамі сталі выбітныя беларускія архітэктары Георгій Заборскі і Уладзімір Кароль. На вяршыні 38-метровага абеліска, абліцаванага шэрым гранітам, усталявана выява ордэна «Перамога». Для афармлення граняў помніка выкарыстаны бронзавыя гарэльефы скульптараў Андрэя Бембеля, Сяргея Селіханава, Заіра Азгура і Аляксея Глебава.

На Кургане славы. Андрэй Бембель у цэнтры

Адной з галоўных работ Андрэя Бембеля, над якой ён працаваў разам з архітэктарам Алегам Стаховічам, з’яўляецца помнік у гонар ратнага подзвігу савецкіх воінаў – «Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі» (1969; Дзяржаўная прэмія БССР, 1970).

Андрэй Бембель уваходзіў у склад групы архітэктараў і скульптараў, якая працавала над праектаваннем мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971). Аўтарам праекта галоўнага ўваходу ў Цытадэль з’яўляецца Алег Бембель.

Значнае месца ў творчасці Алега Бембеля займала работа над скульптурнымі партрэтамі знакамітых сучаснікаў і гістарычных асоб, такіх як Янка Купала, Леанід Шчамялёў, Іван Шамякін, Адам Міцкевіч і іншых.

Андрэй Бембель у сваёй майстэрні

Не адно дзесяцігоддзе прысвяціў Андрэй Бембель педагагічнай рабоце. Ён з’яўляўся адным з арганізатараў і першым выкладчыкам Менскага мастацкага вучылішча (1948–1950) і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, у якім з 1953 па 1978 гады загадваў кафедрай скульптуры. У 1950–1954 і 1982–1984 гадах беларускі скульптар узначальваў Саюз мастакоў Беларусі.

Сын Андрэя Бембеля Алег Бембель (паэт Зьніч) са сваім дзіцячым бюстам
Мемарыяльная шыльда ў Віцебску
Кніга Барыса Крэпака пра Андрэя Бембеля

Беларускае Радыё Рацыя