
Заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч Адольф Клімовіч нарадзіўся 5 траўня 1900 году ў мясцовасці Казаноўшчына тагачаснага Сьвянцянскага павета. Цяпер гэтая вёска ў Астравецкім раёне называецца Клюшчаны. Мястэчка ведамае ў нашай гісторыі таксама тым, што тут працаваў вядомы беларускі святар Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), які стварыў у вёсцы беларускамоўны касцельны хор і суполку “Хаўрус сваякоў”. У мясцовым касцёле ёсць пра гэта адпаведная памятная дошка. У гэтай суполцы і навучаўся Клімовіч.
Паходзіў Адольф Клімовіч з сялянскай сям’і, яго бацька Юстын быў кавалём. Маці Петрунэля нібыта была выхавальніцай панскіх дзяцей і ў першым шлюбе была замужам за эканомам маёнтка Сволькенаў, добра ведала французскую мову. Бацька памёр, калі Адольфу Клімовічу было толькі 4 гады. Адольф скончыў Сьвянцянскую пачатковую вучэльню. У пачатку 1918 года «Хаўрус сваякоў» атрымаў запрашэнне для ўдзелу ў Беларускай канферэнцыі, якая мелася адбыцца ў Вільні, дэлегатам туды клюшчанцы выбралі Адольфа Клімовіча. У 1921 годзе ён скончыў Віленскую беларускую гімназію. Быў там адным з арганізатараў часопісу “Маладое жыццё”. У 1928 годзе скончыў факультэт аграноміі ў Карлавым універсітэце ў Празе. У час навучання там кіраваў аддзелам міжнародных зносінаў Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. Публікаваўся ў часопісе “Студэнцкая думка”. Удзельнічаў у міжнародных з’ездах і кангрэсах у Рыме, Жэневе і іншых гарадах. Пасля вяртання на Бацькаўшчыну актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Настаўнічаў у беларускай гімназіі і беларускай настаўніцкай семінарыі ў Вільні (1928-31 гадах).

У 1929 годзе Адольф Клімовіч быў абраны віцэ-старшынём Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры. У 1932-39 гадах рэдагаваў часопіс “Самапомач”, супрацаваў з часопісам “Калоссе”. У 1938 годзе высылаўся тагачаснымі ўладамі Польшчы з Вільні. Актыўны дзеяч Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, у 1939-40 гадах удзельнічаў у выданні папулярнай газеты “Беларуская крыніца”. У Вільні былі выдадзены яго рэферат, прачытаны на з’ездзе БХД “І культура, і палітыка”, “Папулярны нарыс кааператыўнай самапомачы” – “Лекі на здзекі”, зборнік гаспадарчых рэкамендацый “Земляробская чытанка. І-я частка”.

У час Другой сусветнай вайны Адольф Клімовіч працаваў у Беларускай самапомачы ў Лідзе. У 1944 годзе з’ехаў у Прагу. А ў 1952 годзе арыштаваны МГБ БССР і перавезены ў Маскву, прайшоў жахі сталінскіх катавальняў. 28 лютага 1953 года ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі засуджаны да вышэйшай меры пакарання. У красавіку 1953 года расстрэл быў заменены 25 гадамі зняволення. Вярнуўся з савецкага канцлагеру Клімовіч ў 1956 годзе. Аднак жыць у Вільні яму забаранілі, таму пасяліўся ў Барысаве, дзе працаваў арганістам у касцёле. У Вільню перабраўся ўжо ў 1960 годзе, жыў у нашай старадаўняй сталіцы, працаваў арганістам у касцёле на Звярынцы. Памёр там 24 лістапада 1970 года. Пахаваны згодна з апошняй воляй у Клюшчанах побач з магіламі бацькі і маці. На помніку лацінкай па-беларуску выбіты словы: “У табе, Божа, паклаў я надзею, хай не буду адкінуты навекі. TeDeumLaudamus”.
Адольф Клімовіч склаў біяграфічны слоўнік беларускіх культурных і палітычных дзеячаў – рукапіс гэтай працы захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. Пакінуў ён і каштоўныя ўспаміны пра многіх беларускіх каталіцкіх святароў свайго часу.






