Грамадскаму дзеячу беларускага нацыянальнага адраджэння, навукоўцу, паэту, літаратуразнаўцу, вязню сталінскіх лагераў Ігнату Дварчаніну (1895-1937) спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння.

Ігнат Дварчанін паходзіў з сям’і малазямельнага арандатара. У 1912 годзе скончыў Дзятлаўскую школу, атрымаў атэстат народнага настаўніка. Пасля тры гады настаўнічаў у вёсцы Хмяльніца на Слонімшчыне. З траўня 1915 года служыў у расейскім войску, ваяваў на Заходнім фронце ў чыне падпаручніка. З чэрвеня 1917 года быў у Менску, стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. З сакавіка 1918 года Ігнат Дварчанін працаваў сакратаром культурна-асветніцкага аддзела Белнацкаму ў Маскве. Браў актыўны ўдзел у нарадзе настаўнікаў беларускіх школ у ліпені 1918 года. У гэты час вярнуўся на Радзіму. Стварыў беларускую пачатковую школу ў вёсцы Пецюкі.

У 1919 годзе на віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах арыштаваны польскімі ўладамі як эсэраўскі актывіст, накіраваны ў лагер для інтэрнаваных у Беласток. Адтуль уцёк і перабраўся ў Менск, дзе стаў студэнтам беларускага педінстытуту. Са снежня 1920 года да ліпеня 1921 года жыў у Вільні, працаваў вартаўніком, пісарам, настаўнікам у мястэчку Свір. Здаў экстэрнам іспыты за курс Віленскай беларускай гімназіі. Летам 1921 года накіраваны ў Латвію, чытаў лекцыі па беларусазнаўстве ў Дзвінску. Адзін з заснавальнікаў там культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына”.

Быў накіраваны ТБШ на вучобу ў Прагу ў Карлаў універсітэт. Скончыў там у 1925 годзе гісторыка-філалагічны факультэт. Праз год абараніў дысертацыю, стаў доктарам філасофіі. У апошні год вучобы ў Карлавым універсітэце Ігнат Дварчанін у прамым сэнсе слова здзівіў увесь навуковы свет: ён абараніў дысертацыю на тэму “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. “Гэта кніга, – згадваў ён пазней, – пісалася па-чэшску як дысертацыйная доктарская праца пры выпуску са Старога Пражскага універсітэта. Хацелася выкарыстаць матэрыял аб ім у месцы, з якім звязана найлепшая пара дзейнасці нашага гуманіста”. Паводле водгукаў тагачасных і цяперашніх даследчыкаў Скарыніяны, і дысертацыя Iгната Дварчаніна, і яго артыкулы з’яўляюцца самымі сапраўднымі адкрыццямі невядомых старонак жыцця і дзейнасці нашага асветніка і першадрукара.

У Празе Ігнат Дварчанін стварыў арганізацыю незалежных сацыялістаў, быў старшынём Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, сябрам Беларускай рады. Выдаваў бюлетэні і часопіс “Перавясла”.
У 1926 годзе Дварчанін вярнуўся ў Вільню, актыўна далучыўся там да беларускага руху. Быў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, выкладаў літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераклаў на беларускую мову паэму Аляксандра Блока “Дванаццаць”. Склаў і выдаў у 1927 годзе “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”. Супрацаваў з часопісамі “Родныя гоні” і “Маланка”, выдаваў газету “Narodny zwon”.
У 1928 годзе абраны ў польскі сойм ад Наваградка, стаў сябрам пасольскага клубу “Змаганне”. Быў сябрам Галоўнай управы ТБШ. У 1930 годзе арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны на працэсе беларускага клубу “Змаганне” ажно да 8 гадоў турмы. Сядзеў у вязніцы ў польскім Равічу. Вызвалены у верасні 1932 года ў выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай. З лістапада 1932 года працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства.
У час сталінскіх рэпрэсій арыштаваны ў жніўні 1933 года па справе Беларускага нацыянальнага цэнтру. Быў засуджаны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Высланы на Салавецкія астравы, пасля на Беламорска-Балтыйскі канал. Але карнай сатанінскай сістэме і гэтага было мала. Тройкай НКУС па Ленінградскай акрузе зноў засуджаны да расстрэлу. Расстраляны 8 снежня 1937 года. Брат Іларыён Дварчанін таксама загінуў у савецкім канцлагеры.

У снежні 1989 года ў Дзятлаве Ігнату Дварчаніну быў ўсталяваны бюст-помнік. У роднай вёсцы Погіры адна з вясковых вуліц носіць яго імя, адкрыта мемарыяльная шыльда на тым месцы, дзе некалі стаяла хата Дварчанінаў. Ёсць мемарыяльная шыльда і на будынку былой настаўніцкай школы ў Дзятлаве. У Погірах некалькі гадоў таму быў устаноўлены і адкрыты мемарыяльны камень.


Беларускае Радыё Рацыя