
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, сябра Рады БНР, публіцыст Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 14 красавіка 1885 года ў вёсцы Максімаўка (тагачасны Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласці). У нашай гісторыі ён ведамы таксама як рэдактар, паэт, арганізатар і сябра ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай народнай рады. Паходзіў з праваслаўнай шмадзетнай сям’і Алеся і Марцэлі (у дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх. У 10 гадоў застаўся без бацькі, працаваў пастушком, потым дрывасекам. Пачатковую школу скончыў у Радашковічах.
У 1900-1904 гадах вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, потым настаўнічаў ў гэтым краі. У час рэвалюцыі 1905-07 гадоў быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу. За распаўсюд сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым змушаны з’ехаць у Крым. У 1912 годзе ў Феадосіі Рак-Міхайлоўскі скончыў педінстытут. Пасля вярнуўся на радзіму пачаў арганізоўваць беларускія школы. Стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады.
У 1914 годзе Рак-Міхайлоўскі быў мабілізаваны ў расейскае войска, ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 г. (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Менску ўзначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 г. – сябра Рады БНР. У 1918-19 гг. – сябра Беларускай вайсковай камісіі. У 1918-20 гг. жыў у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі. Стала друкавацца як публіцыст пачаў з 1919 г. Пісаў пад псеўданімамі Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак.
У 1920-22 гадах быў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Пра гэта сведчыць і адмысловая шыльда на абшарпаных мурах колішняга барунскага базыльянскага кляштара.

Шыльда ў Барунах, фота Ладзіка Майніча
Адначасна з восені 1920 г. – настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 годзе абраны дэпутатам сейма Другой Рэчы Паспалітай. З 1923-га – сябра Цэнтральнай школьнай рады (з 1926-га – Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 года – намеснік старшыні ЦК БСРГ. З 1926-га – сябра КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ», сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.

Рак-Міхайлоўскі быў арыштаваны ўладамі Польшчы па справе БСРГ у студзені 1927 года, праз некалькі месяцаў віленскім акруговым судом на «працэсе 56-і» асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэння апеляцыйнага суда вызвалены ў 1930 годзе. Увайшоў у склад камітэта «Змаганне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930-га перабраўся ў Менск. Але трапіў па-сутнасці з агню ў полымя. З лютага 1931-га году і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ГПУ БССР 16 жніўня 1933 года ў Менску па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Рашэннем судовай калегіі ОГПУ ад 9.1.1934 як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прыгавораны да расстрэлу, прысуд заменены на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Адпраўлены на Салаўкі, але ў верасні 1937-га этапаваны ў Менск. 14 лістапада 1938 года «асобай тройкай» НКВД БССР прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 27 лістапада 1938 года.
Быў рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА ў 1956-ым. У Маладэчне імем Сымона Рак-Міхайлоўскага названа вуліца. Менавіта Міхайлоўскі напісаў музыку да рамансу на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Але з-за таго, што Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведкавай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў аднайменнай оперы аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.






