Іван Серада
13 траўня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння першага прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Івану Сераду (1879-1943).
Іван Серада нарадзіўся ў вёсцы Задвел Менскай губерні. Пасля заканчэння Варшаўскага вэтэрынарнага інстытута ў 1903 годзе працаваў па спецыяльнасці. У Першую сусветную вайну ў дзеючым царскім войску на Паўночным фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўвайшоў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ), удзельнічаў у з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску, кааптаваны ў склад Цэнтральнае Беларускае вайсковае рады. На Ўсебеларускім кангрэсе ў снежні 1917 года Іван Серада быў абраны ягоным старшынёй, узначаліў Прэзідыум Рады з’езда (пазней Рада БНР). Адзін з ініцыятараў абвешчання незалежнасці Беларуci 25 сакавіка 1918 года.
Іван Серада ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнае партыі. Падчас польскай акупацыі 1919-1920 гадоў быў сябрам Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, Найвышэйшай Рады БНР. Пасля 1921 года Іван Серада адыходзіць ад палітычнай дзейнасці i ў хуткім часе пераязджае ў Савецкую Беларусь, дзе працаваў у Інстытуце беларускай культуры, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Хутка ён быў абвінавачаны ў “нацыянал-дэмакратызме” i 4 ліпеня 1930 года яго арыштавалі па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі”. Згодна з пастановай АГПУ БССР высланы на 5 гадоў у Яраслаўль.
27 снежня 1941 года Іван Серада зноў быў асуджаны на 10 гадоў зняволення, знаходзіўся ў канцлагеры Краслага (Краснаярскі край). Вызвалены 19 лістапада 1943 года, далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны па першым выраку 10 чэрвеня 1988 года, па другім – 16 студзеня 1989 года.
Беларускае Радыё Рацыя