12 лютага 1872 года ў Крынках ля Бялынічаў нарадзіўся мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля.
Атрымаўшы адукацыю ў Кіеве, мастак працягнуў традыцыі расейскага лірычнага пейзажу канца XIX стагоддзя, аднак называў сябе беларусам. Кажа экскурсавод і культуролаг Мікіта Моніч:
– У значнай ступені звязаны з асобай Алены Аладавай, бо калі яна адраджала музей ужо пасля вайны, я чуў ад маіх старэйшых музейных калег, што яна літаральна растлумачыла Вітольду Каэтанавічу, наколькі добра будзе быць беларускім мастаком. Стварыла для нашай культуры класіка і ён з гэтым статусам пагадзіўся. Дамовілася пра тое, каб вялікая колькасць спадчыны апынулася ў Беларусі. Сёння ў беларускіх зборах больш за 400 твораў Бялыніцкага-Бірулі. Ён стаў народным мастаком БССР, сярод пейзажыстаў ён у нас галоўны.
Самая вядомая карціна Бялыніцкага-Бірулі пад назвай “Зімовы сон” была ўзнагароджана бронзавым медалём на Міжнароднай выстаўцы ў Барселоне. У 1947 г. мастак працаваў у Белай дачы ў Менску, падарожнічаў па радзіме. Шмат яго твораў захоўвае музей у Магілёве.
Беларускае Радыё Рацыя