BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

180 гадоў з дня нараджэння знакамітага географа-беларуса

Выдатны натураліст, даследнік Сібіры, геолаг і географ Іван Чэрскі нарадзіўся 15 траўня 1845 году ў фальварку Свольна Дрысенскага павету (цяперашні Верхнядзьвінскі раён, Віцебская вобласць).

Мемарыяльная шыльда на чыгуначнай станцыі Свольна

Расейская і польская гістарыяграфія часта запісвае ўсіх удзельнікаў вызвольнага чыну 1863 году ў палякі. А ўсіх выдатных падарожнікаў у “рускія” ці “палякі па нацыянальнасці”. Аднак, гэта не заўсёды адпавядае рэчаіснасці і гістарычнай праўдзе. Так, Іван Чэрскі не напісаў па-польску аніводнай працы і ўвогуле ніколі не быў у Польшчы. Вось што пісаў ён з Іркуцку на радзіму ў лісце да сястры Міхаліны: “Я тут ужо абрусеў і стаў забывацца роднай беларускай мовы”. Адзін гэты факт выразна сведчыць пра нацыянальную прыналежнасць нашага героя.

“Тут нарадзіўся вядомы беларускі геолаг і географ, даследчык Сібіры”, фота “Витебский курьер”

Яшчэ хлопчыкам Іван атрымаў выдатную хатнюю адукацыю, вывучыў некалькі замежных моваў. З 1860 года Чэрскі быў студэнтам Віленскага дваранскага інстытуту. За ўдзел у паўстанні пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў, маёнтку, здадзены ў салдаты і высланы ў Сібір. Яшчэ на этапе сышоўся з украінскім геолагам Аляксандрам Чаканоўскім, які паўплываў на яго светагляд. Высылку адбываў у Омску, пры першай магчымасці заняўся навукай. У 1869-ым у звязку з хваробай сэрца вызвалены ад вайсковай службы і пераведзены на вольнае пасяленне, але ажно да 1883 года палітычны ссыльны. У 1871 запрошаны Сібірскім аддзелам імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам таго ж Чаканоўскага.

Пасля амністыі з жонкай і сынам у 1885 годзе па запрашэнні Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук пераехаў у Пецярбург, дзе абагульніў геолага-геаграфічныя веды па Сібіры. У 1891-ым Іван Чэрскі ўзначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Адчуваючы сябе блага, ён аднак кіраваў экспедыцыяй, вёў запісы, дыктаваў жонцы і сыну свае назіранні. Прасіў іх абавязкова скончыць экспедыцыю і ўсе калекцыі і запісы перадаць у Пецярбург. Памёр у нізоўях Калымы, каля вусця ракі Амалон.

Найбольшых дасягненняў Чэрскі дабіўся ў галіне геалогіі і геаграфіі. Значны след пакінуў у заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі. Адкрыў многа розных геаграфічных аб’ектаў, першым знайшоў і даследаваў палеалітычную стаянку ў Сібіры, сабраў і апісаў шэраг сучасных і выкапнёвых жывёл. Праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, у басейне Ангары і Ніжняй Тунгускі, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал, даследаваў басейн ракі Селенга (Бурація). Быў узнагароджаны Рускім геаграфічным таварыствам малым срэбным і малым залатым медалямі, залатым медалём імя Фёдара Літке. Выказаў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефу.

Ля паселішча Калымскае ў 1943 годзе Івану Чэрскаму быў пастаўлены помнік. Яго імя носяць працяглая (больш за 1500 км) горная сістэма паміж рэкамі Калыма і Яна ў Якуціі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет у Забайкаллі, пасёлак на р. Калыма ў Якуціі, найвышэйшая (2763 м) вяршыня Байкальскага хрыбта, адзін з вулканаў Тункінскай упадзіны на Усходнім Саяне і іншыя геаграфічныя аб’екты.

Камень Чэрскага, адна з горных вяршынь на Байкале

У вёсцы Валынцы адкрыты музей Чэрскага. У Свольне, на месцы фальварка, Беларускае геаграфічнае таварыства паставіла помнік – вялікі валун. Імя Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры. У яго гонар у 1995 годзе ў Беларусі выпушчана марка.

Падрыхтаваў Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя