Дзень быў абраны пасля таго, як у 1952 годзе загінула пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане. Дзень роднай мовы адзначаецца з 2000 года. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. А якая сітуацыя назіраецца з беларускай мовай? Над гэтым пытаннем разважае моўны адвакат Ігар Случак у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Па тваіх назіраннях, за апошні год сітуацыя з беларускай мовай пагоршылася ці палепшылася?
Ігар Случак: Агулам, мне падаецца, сітуацыя засталася такой, як і ўкраінскі фронт на вайне – яна засталася прыкладна на тым жа самым узроўні. Дзесьці атрымоўваецца нешта адваяваць, дзесьці мы нешта губляем, але агулам сітуацыя засталася на тым жа самым узроўні. На жаль, сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі не вельмі добрая, і гэта трэба прызнаваць.
РР: У якой сферы фіксуеш найгоршую сітуацыю з беларускай мовай?
Ігар Случак: Найгоршая сітуацыя з пункту гледжання будучыні, гэта тое, што з кожным годам – і гэты год не выключэнне – у нас змяншаецца колькасць беларускамоўных класаў і вучняў. Прыкладна на 1% кожны год гэтая колькасць змяншаецца. І тэндэнцыя не становіцца лепшай.
РР: Гэта звязана з тым, што менш аддаюць у беларускамоўныя класы, ці з агульнай дэмаграфічнай сітуацыяй?
Ігар Случак: Звязана таксама і з агульнай дэмаграфічнай сітуацыяй. Але ў той жа час у Беларусі, па маіх назіраннях, фіксуецца цікавасць да беларускай мовы сярод дарослых і, адпаведна, яны хацелі б аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. Чаму я такія высновы раблю. Па-першае, вонкава назіраецца, што людзі больш выкарыстоўваюць беларускую мову, плюс вытворцы беларускую мову таксама працягваюць дадаваць на свае этыкеткі. Але важна такая сфера, як афіцыйная камунікацыя беларусаў з чыноўнікамі. Я з 2012 года вяду статыстыку пісьмовых зваротаў беларусаў да дзяржаўных устаноў, да райвыканкамаў і адміністрацый гарадоў. І ў гэтым годзе назіраецца параўнальна вялікі рост беларускамоўных зваротаў. Калі ў 2012 годзе, калі быў прыняты закон, што павінны даваць адказ чыноўнікі на пісьмовы зварот на беларускай мове, такіх зваротаў на беларускай мове было палова працэнта. У 2020 годзе гэты паказчык вырас да 1 – 1,5%. І што мы бачым сёння? Па статыстыцы 2024 года, з аднаго боку, мы бачым, што ў краіне ідуць вялікія рэпрэсіі, дзяржава з усіх бакоў прыціскае беларусаў, і можа падацца, што беларусы ў камунікацыі з дзяржавай будуць менш прыцягваць да сябе ўвагу, але сітуацыя абсалютна адваротная. Рэдка які выканкам атрымоўвае зараз менш за 2 – 4% зваротаў на беларускай мове. Пры той неспрыяльнай сітуацыі для беларускай мовы, наогул проста для беларусаў у Беларусі, людзі не проста звяртаюцца да чыноўнікаў, але звяртаюцца да іх на беларускай мове.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






