BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

22 студзеня 162 гадавіна паўстання 1863 года

22 студзеня 1863 года на землях былой Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне супраць расейскага валадарства, якое ўвайшло ў гісторыю як Студзеньскае паўстанне. У Літве і Беларусі лідарам руху стаў Кастусь Каліноўскі — яскравы змагар за свабоду і правы сялян.

Паўстанне стала не толькі важнай гістарычнай падзеяй, але і сімвалам супраціву і нацыянальнага духу. Кажа кіраўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863”, створаны беларусамі ў Беластоку, Васіль Калач:

Вельмі важная гісторыя паўстання як момант пералому ў свядомасці народа агулам. Той момант, калі сцерліся межы паміж шляхтай і сялянамі, той момант, калі пачалося сапраўднае развіццё дэмакратычных думак і каштоўнасцяў ва ўсім грамадстве. Фактычна, гэта першая гістарычная падзея, дзе на роўні маніфесту, на роўні палітычнага і еўрапейскага значання прагучала назва краю як Беларусь.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Асноўнай мэтай паўстання 1863 года было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, да першага падзелу. Паўстанцы адстойвалі ідэю надзялення сялян зямлёй, што знайшло адлюстраванне ў выданні «Мужыцкай праўды» на беларускай мове. З 1862 года гэтае выданне стала важным сімвалам барацьбы за роўнасць і самавызначэнне народаў.

22 студзеня ў Хорашчы распачнуцца афіцыйныя ўрачыстасці святой Імшой, якая адбудзецца ў 18.00 у мясцовым касцёле. Пасля імшы ўдзельнікі ўскладуць кветкі і знічы да помніка Паўстанцам на вуліцы Zastawie 1 і на Месцы нацыянальнай памяці «Szubienica» на вул. Крушэўскай у Хорашчы.

23 студзеня а 17-й Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863” на Фарных могілках у Беластоку ўрачыста ўскладзе кветкі на магілу Адольфа Белакоза – кіраўніка паўстанцкага руху ў Беластоку.

25 студзеня а 10-й усе ахвочыя запрашаюцца на экскурсію па Кнышынскай пушчы (ваколіцы Навінаў Касьерскіх), шляхамі паўстанцаў.

Фота з адкрытых крыніц, архіву Клуба

Беларускае Радыё Рацыя