BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

240 гадоў Міхалу Баброўскаму

19 лістапада спаўняецца 240 гадоў з дня нараджэння славіста, арыенталіста, палеографа, гісторыка, бібліяфіла, філосафа, святара, які стаяў каля вытокаў сусветнага славяназнаўства, спрыяў узнікненню беларусазнаўства, першага беларускага скарыназнаўца, сябра Археалагічнай акадэміі ў Рыме Міхала Баброўскага (1784-1864).

Нарадзіўся Міхал Баброўскі у сям’і ўніяцкага святара Кірыла Баброўскага на Беласточчыне. Першыя веды юнак атрымаў ад бацькі. Потым працягваў адукацыю ў Клешчальскай школе царкоўнаслужачых.

У 1797-1803 гадах Міхал Баброўскі вучыўся ў Драгічынскім вучылішчы піяраў, дзе атрымаў веды па матэматыцы, гісторыі і латыні, вывучаў французскую, нямецкую, грэчаскую мовы і латынь.

Пасля вучылішча ён паступіў у Беластоцкую гімназію, за вучобу атрымаў сярэбраны медаль. Затым быў Віленскі імператарскі ўніверсітэт, дзе Міхал вучыўся на багаслоўскім факультэце. А калі закончыў факультэт – атрымаў ступень магістра багаслоўя. Пры гэтым юнак яшчэ наведваў курсы правазнаўства і стаў магістрам грамадзянскага і крымінальнага правоў.

У 1814 годзе Міхал Баброўскі пачаў працаваў на кафедры Свяшчэннага Пісання ва ўніверсітэце. Як здольнага выкладчыка яго адправілі ў творчую камандзіроўку за мяжу. На працягу пяці гадоў Баброўскі знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі, Чэхіі, Італіі, Францыі, Славеніі, Далмацыі. Там ён вывучаў Свяшчэннае Пісанне, археалогію і славянскія мовы. Да славянскіх моў дабавіў яшчэ ідыш, арабскую, сірыйскую і халдзейскую мовы. Пасля замежных камандзіровак Міхал Баброўскі значна больш пашырыў свой навуковы кругагляд і веды.

Калі Міхал Баброўскі вярнуўся з замежных камандзіровак, ён пачаў працаваць у Віленскім універсітэце. І якраз у гэты час трапіў у хвалю палітычных выступленняў філарэтаў і філаматаў. За абарону студэнтаў выкладчык быў звольнены з універсітэта і высланы ў Жыровічы. Там пад наглядам духоўнага начальства вучоны два гады жыў у Жыровіцкім базыльянскім манастыры. Ён вывучаў свае запісы, якія рабіў падчас замежнай камандзіроўкі.

У 1823 годзе Міхал Баброўскі ва ўніяцкім базыльянскім манастыры ў Супраслі адшукаў Супрасльскі кодэкс (рукапіс) – помнік раннеславянскай літаратуры XI стагоддзя. У Супрасльскай бібліятэцы Міхал Баброўскі пазнаёміўся з кнігамі Францыска Скарыны, звесткі пра якога збіраў усё жыццё. Вучоны адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя беларускага друкара, тым самым стаў першым скарыназнаўцам.

У 1826 годзе Міхал Баброўскі вярнуўся ў Віленскі ўніверсітэт, дзе выкладаў біблейскую археалогію і стараславянскую мову. Ён склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глагалічных помнікаў славеснасці, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры. Ён спрыяў узнікненню асобнага накірунку ў гуманітарных навуках — беларусазнаўства, абуджэнню сярод еўрапейскіх навукоўцаў цікавасці да гісторыі беларусаў.

Разам з Ігнатам Даніловічам Міхал Баброўскі быў адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Даследчык сабраў багатую бібліятэку, што стала першым спецыяльным зборам помнікаў беларускай старадрукаванай літаратуры. Асобныя кнігі з яго калекцыі зберагаюцца ў сховішчах Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

Паколькі ўніяцтва пасля 1839 года было забароненае, Міхал Баброўскі прыняў праваслаўе і стаў Пружанскім благачынным, правіў набажэнствы ў Прачысценскай царкве (не захавалася). Памёр вучоны ад халеры. Пахаваны на могілках у Шарашове Пружанскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя