BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Багданаў: Мы хочам аб’яднаць беларусаў вакол нашай культуры і свабоды

Дабрачынны праект Belarus Outside Sound System зладзіць у адзін дзень – дзень выбараў у Беларусі – фестывалі ў 4 польскіх гарадах: Варшаве, Кракаве, Познані і Гданьску. 

 Фота: Sergejus Michalenko

– 26 студзеня ў Польшчы нашая ініцыятыва “Belarus Outside Sound System” правозіць неверагодную акцыю ў адзін дзень у чатырох гарадах Польшчы. Мы робім беларускія тусы ў адзін час. Гэта гарады Познань, Кракаў, Гданьск і Варшава. Ва ўсіх гэтых гарадах будуць праведзеныя канцэрты беларускіх сучасных выканаўцаў, выступы беларускіх дыджэяў і ў некаторых гарадах таксама дадатковыя актыўнасці, як маркеты, майстар-класы, выставы і інш. Мы хацелі ў гэты дзень сабраць усіх беларусаў гэтых гарадоў, каб адчуць, што мы ўсе зрабілі свой выбар, і гэты выбар — свабода.

Будзе шмат гуртоў з поўным складам. Напрыклад, у Варшаве будуць задзейнічаныя дзве сцэны адначасова: клуб “Chmury” і клуб “Hydrozagadka”. Уваход будзе бясплатны. На галоўнай сцэне ў “Hydrozagadka” выступяць толькі жывыя гурты: “Разбітае сэрца пацана”, Сяргей Пукст і бубнач Вова Агаян, гранджавы праект двух Стасаў з гурта “The Toobes” “Los”, а таксама праект “Гітара і Барабаны” (Іллі Чарапко і бубнача “Петли Пристрастия” Аляксея Тарасевіча).

Гэтымі мерапрыемствамі мы хочам аб’яднаць тых людзей, якія таксама стаміліся ад такой таксічнасці беларускай палітыкі, у тым ліку беларускай апазіцыйнай. Мы бачым запыт, што ў многіх беларускіх эмігрантаў проста ёсць такое адчуванне небяспекі і таксічнасці, калі ты ўваходзіш у такое ярка палітычнае асяроддзе і ўдзельнічаеш, напрыклад, у вострапалітычных мерапрыемствах. Таму мы робім іх максімальна непалітычнымі. То бок, акрамя даты, якую мы абралі, не ставім палітычны акцэнт. Так, у гэты дзень будуць праходзіць “бязвыбары” ў Беларусі. Аднак адзінае, што мы хочам падкрэсліць нашымі мерапрыемствамі, тое, што ёсць шмат беларусаў, якія абралі свабоду.

РР: Ці будуць у гэты дзень стаяць нейкія данатныя скрыні на падтрымку палітвязняў?

– Не, мы абралі ў гэты раз іншую стратэгію. Але зараз мы вядзем перамовы з FBC, якія робяць свае актыўнасці ў беларускіх хабах у польскіх гарадах. Яны будуць збіраць данаты на падтрымку палітвязняў. І мы дамовіліся пра крос-прамоўшыне, каб не было сутыкнення лайн-апаў. То бок у іх будуць мерапрыемствы днём, і мы рэкамендуем, што днём можна будзе пайсці на мерапрыемствы, прысвечаныя палітзэкам, а потым прыйсці да нас на канцэрт.

У Кракаве ўсё будзе адбывацца на двух пляцоўках, якія знаходзяцца ў адным будынку: гэта “Stakkato” i “Ultra Bar”. Днём у “Ultra Bar” будуць чатыры беларускія дыджэі: маркет, майстар-класы з беларускімі майстрамі, а ўвечары ў суседняй зале “Stakkato Art Space” будзе праект Бенькі WTBSK, Наташа Mustelide (Наташа Куніцкая) прыедзе з Берліна, а таксама Ana Zhdanova ўпершыню прыедзе ў Кракаў з Варшавы.

У Познані будзе адкрыццё выставы Анастасіі Рыдлеўскай, будуць майстар-класы па шаўкаграфічным друку на майках, цішотках, байках. Таксама будуць Mandzik і Domsun — мясцовыя беларускія выканаўцы, Анастасія Рыдлеўская і Šuma — хэдлайнеры, а таксама Дзмітрый Карней — сузаснавальнік “Radio Plato”.

У Гданьску выступіць гурт “Союз”, Yegor Zabelov, дыджэй Старцаў і дыджэй Olga Nesnova.

У Варшаве будзе дзве сцэны. У “Chmury” будуць беларускія жывыя электроншчыкі, а таксама дыджэй Papa Bo Selektah – усяго пяць артыстаў. На сцэне “Hydrozagadka” выступяць “Разбітае сэрца пацана”, “Гітара і барабаны”, Пукст – Агаян і праект “Los”.

РР: Як ты як артыст ставішся да 26 студзеня?

– Мне здаецца, што гэта чарговая ганьба над дэмакратычнымі прынцыпамі, і пасля 26 студзеня ў Беларусі будзе толькі горш, на жаль. Я не лічу гэта святам, а лічу, што гэта здзек над Беларуссю.

РР: Калі так, то як можна ўтрымаць свой маральны настрой і дух, асабліва тым людзям, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі?

– Гэта цяжкае пытанне. Напэўна, я не магу на яго адказаць, таму што, на жаль, страчаваю кантакт з Беларуссю і з тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі. Таму што ў мяне не засталося там нікога, акрамя мамы. Таму я не вельмі адэкватна ацэньваю, што там зараз адбываецца, якія настроі ў людзей. Толькі па навінах незалежных СМІ.

РР: А тым, хто цяпер у эміграцыі? Гэта быццам бы яшчэ адзін крок да таго, каб адчуць, што ты ўсё далей ад радзімы

– Мне здаецца, што адзінае, што нам застаецца — гэта яднацца вакол нашага беларускага культурнага кода. Мы спрабуем гэтымі мерапрыемствамі, якія мы праводзім у гэты дзень, паказаць, што Беларусь яшчэ не страціла сваёй крэатыўнасці і запалу.

РР: 26 студзеня будзе шмат розных мерапрыемстваў ад розных ініцыятыў, і мне здаецца, што гэта можа стварыць нейкую разрозненасць, бо адны будуць на адной пляцоўцы, іншыя на іншай. Як у такой сітуацыі захаваць гэтую аб’яднанасць?

– Мне здаецца, што ў нас атрымаецца зрабіць лайн-апы такім чынам, каб людзі з аднаго фестывалю маглі праехаць на выступы на іншым. Мерапрыемствы будуць днём, і яны сканчацца каля 23:00.

РР: А што далей? Ці вядомыя ўжо твой планы?

– Так, зараз мы актыўна вядзем перамовы з двума еўрапейскімі шоукейсамі, каб зрабіць сцэну “Belarus Outside Sound System” на гэтых шоукейсах. Мы шукаем фінансаванне для гэтага. Таксама мы вядзем перамовы з некалькімі летнімі фестывальнымі арганізатарамі аб нашай сцэне. І зараз мы плануем краўдфандынг на “Gronka”, каб выдаць другі рэліз складанкі беларускай электроннай музыкі “Belarus Outside Sound System”.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З Аляксандрам Багданавым гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя