BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Лапко: Тыдзень роднай мовы стаў адказам на патрэбы беларусаў

У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве ладзіцца Тыдзень роднай мовы. Ён уключае як культурныя мерапрыемствы, так і сацыяльныя і спартыўныя.

Пра іх, а таксама пра тое, як цяпер можна падтрымаць пляцоўку, Госць Рацыі – кіраўнік хабу Алесь Лапко – распавёў нашаму радыё:

РР: Зараз вы ладзіце Тыдзень роднай мовы. Чаму сёлета ён адбываецца ў такім вялікім фармаце?

– Гэта ўжо другі год запар, як мы арганізуем Тыдзень роднай мовы, таму што ёсць попыт як сярод беларусаў, якія жывуць у Варшаве, так і сярод дзеячаў беларускай культуры. Раней гэта быў толькі адзін дзень, а цяпер цэлы тыдзень, каб ладзіць розныя мерапрыемствы: сустрэчы, дыскусіі, канцэрты, чытанні, дэкламацыі вершаў і многае іншае.

– Беларускі Моладзевы Хаб не толькі прадастаўляе сваю пляцоўку, але і сам з’яўляецца адной з тых арганізацый, якія ініцыююць і падтрымліваюць Тыдзень роднай мовы ў Варшаве.

РР: Некаторыя мерапрыемствы ўжо адбыліся. Як яны прайшлі?

– Амаль на ўсіх імпрэзах быў аншлаг. Напрыклад, нядаўна адбылася прэзентацыя кнігі вершаў Андрэя Хадановіча «Дзікае паляванне караля Стаха», якая стала асновай для оперы. Кампазітарка Вольга Падгайская акампанавала чытанню вершаў. Дарэчы, гэтая опера была пастаўлена ў 2023 годзе ў лонданскім тэатры Barbican з вельмі добрым прыёмам.

– Таксама адбыліся і іншыя мерапрыемствы, якія ладзілі рэзідэнты Хаба, у тым ліку акцыя напісання лістоў палітвязням, падлеткавы клуб «Выспа», «Што? Дзе? Калі?» па-беларуску

Такія гульні праводзяцца штомесяц, але на гэтым тыдні яны адбыліся з асаблівай увагай да мовы.

РР: Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюцца?

– Наперадзе сустрэча з Змітром Лукашуком і канцэрт Лявона Вольскага. Падчас канцэрта прагучаць новыя і ўсім вядомыя песні. Мы чакаем аншлагу.

– На сустрэчы з Лукашуком адбудзецца прэзентацыя кнігі і абмеркаванне беларускай нацыянальнай ідэі. Асаблівая ўвага будзе нададзена беларускай мове як адной з ключавых частак гэтай ідэі.

— Ці можна сказаць, што гэты Тыдзень роднай мовы стаў самым яскравым у параўнанні з мінулымі?

– Складана параўноўваць, бо кожны год адбываецца нешта новае. Але мы ўлічваем папярэдні досвед і стараемся рабіць усё лепш, больш разнастайна і маштабна. Мы таксама дзелімся сваім досведам з партнёрамі ў іншых гарадах. Важна, што наведвальнікі самі заўважаюць прагрэc, які адбываецца з году ў год у мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы.

— Як асабіста ты прыйшоў да роднай беларускай мовы?

– Праз сям’ю. Я нарадзіўся ў беларускамоўнай сям’і. Мае дзядулі, бабулі і бацькі заўсёды размаўлялі па-беларуску, хоць і з ганцавіцкім дыялектам. Але мая першая мова — беларуская.

– Мая маці — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, таму гэта і яе прафесійная справа. З дзяцінства я слухаў літаратурную беларускую мову, не толькі дыялектную.

– Руская мова была для мяне своеасаблівым выклікам, асабліва калі я пераехаў у Менск. Там усё было па-руску, і ў дзетсадаўскім асяроддзі мне даводзілася пераходзіць на гэтую мову. Думаю, што многія беларусы, народжаныя ў 90-я, маюць падобную гісторыю: беларуская была першай мовай, але паступова саступіла месца рускай.

– Асабліва пасля 2020 года мы бачым сапраўдны рэнесанс разумення значнасці беларускай мовы ў жыцці.

– Дарэчы, у 2018 годзе ў Варшаўскім універсітэце ладзіўся Дзень роднай мовы, дзе я ўдзельнічаў у дыктоўцы і заняў другое месца, атрымаўшы ў падарунак планшэт. Тады дыктоўка была прысвечана стагоддзю БНР. Ідэя арганізоўваць такія імпрэзы на наступныя гады, магчыма, таксама з’явілася дзякуючы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

– Цяпер Хаб працягвае ладзіць дыктоўку, і гэта стала яшчэ адной традыцыяй нашага Тыдня роднай мовы.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Пра тое, як падтрымаць ініцыятыву, можна даведацца на сайце пляцоўкі: https://byhub.org/pit37

З кіраўніком Беларускага моладзевага хабу Алесем Лапко гутарыла нашая журналістка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя