Музыка, даследчык і кампазітар Віктар Сямашка прэзентаваў альбом “Звышверш” на творы беларускай паэткі Надзеі Артымовіч. Як з’явілася ідэя гэтага праекту? Чым цікавыя вершы паэткі? І што чакае слухачоў альбома?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Віктар Сямашка ў гутарцы з Юліяй Сівец:
РР: Сёння я хацела б паразмаўляць пра альбом “Звышверш”. Гэта альбом на вершы паэткі Надзеі Артымовіч. І адразу пытанне пра саму асобу Надзеі Артымовіч. Чаму ты вырашыў звярнуцца да яе вершаў? Што цябе асабліва ўразіла ў яе творчасці?
– Перш за ўсё, уражвае форма. Мне вельмі падабаецца паэзія, якая не з’яўляецца строгай, рытмічна дакладнай, класічнай, з выразнай рыфмай. Я люблю, калі гэтага няма настолькі відавочна. Для мяне гэта ўжо адразу вялікі плюс. Дарэчы, многія беларускія аўтары, якія за апошнія гады перабраліся з Беларусі ў Польшчу ці ўвогуле ў Еўропу, адкрылі для сябе, што ў заходняй паэзіі дакладны рытм і рыфма ўжо даўно не з’яўляюцца абавязковымі элементамі. Але Надзея Артымовіч прытрымлівалася гэтай традыцыі яшчэ з 1970-х гадоў. Гэта вельмі адметны голас не толькі ў беларускай паэзіі, але асабліва ў беларускай паэзіі, якая стваралася на Падляшшы. Бо яе калегі ў большасці былі традыцыйнымі паэтамі. Іх вершы нагадвалі народныя песні — і гэта не крытыка, а проста асаблівасць жанру. А вось голас Надзеі Артымовіч вельмі адметны і мне блізкі.
РР: А памятаеш, як ты ўпершыню пазнаёміўся з яе вершамі? Дзе ўпершыню іх убачыў ці пачуў? Бо ў школьную праграму яны не ўваходзяць. Як ты даведаўся пра яе?
– Дзякуючы таму, што пачаў прыязджаць на Падляшша, у Беласток. Дзякуючы “Радыё Рацыя”, дзякуючы літаратурнаму семінару “Бязмежжа”, які тут рэгулярна праходзіць. Там мы ўпершыню сустрэліся і пазнаёміліся з Надзеяй. Я прачытаў нешта сваё, яна прачытала нешта сваё, і мы абмяняліся ўражаннямі. З таго часу застаўся такі мінімальны дыстанцыйны кантакт. Гэта быў прыкладна 2017 або 2018 год.
РР: Можа, згадаеш верш, які першым зачапіў цябе? Магчыма, якую эмоцыю ён у табе выклікаў? Бо верш — гэта не проста твор, яго немагчыма пераказаць, галоўнае ў ім — адчуванні.
– Так, я магу згадаць верш “Ікона”. У ім вельмі мала словаў — амаль па адным у кожным радку. Усё выглядае вельмі аскетычна, канспектыўна, мінімальна, але за гэтым адкрываецца велізарная прастора. Чытаючы гэты верш, нібы адчуваеш сам горад Бельск, быццам робіш крокі па яго вуліцах, набліжаючыся да царквы, да іконы. І я вельмі ўдзячны лёсу, Богу і сваёй дыстанцыйнай суаўтарцы Надзеі за тое, што гэты верш стаў фіналам альбома, які таксама завецца “Ікона”.
РР: Як выглядае гэты альбом? Яго можна спампаваць? Ён даступны бясплатна на платформе Bandcamp?
– Так, альбом даступны бясплатна. Для мяне вельмі важна, каб кожная мая новая музычная праца несла нешта новае для мяне самога, каб я рабіў нешта ўпершыню. Спачатку я гэтага не ўсведамляў, але пазней зразумеў, што гэта мой першы досвед выканання жаночай паэзіі. То бок вершаў, напісаных жанчынай. Але мяне гэта зусім не бянтэжыла. Калі я пераслухоўваў альбом, думаў: “А чаму гэта так?” Бо няма там тых тыповых “жаночых” дзеясловаў — “думала”, “ішла”. Вершам, якія я выбраў, уласціва нейкая ўніверсальнасць.
– Асабліва прыемна было пачуць водгук ад Валянціны Аксак — паэткі, якая цяпер жыве ў Беластоку. Яна сказала, што я вельмі добра адчуў і разгадіў паэзію Надзеі Артымовіч. І дзіўна, што я, як мужчына, зразумеў яе настолькі глыбока. Для мяне гэта вельмі высокая ацэнка.
– Што да самога альбома, ён уяўляе сабой тры розныя падыходы да выканання:
- Некаторыя вершы я проста дэкламую без музычнага суправаджэння.
- Большасць вершаў я дэкламую пад уласны акампанемент на фартэпіяна, і гэта чыстая імправізацыя.
- Некаторыя творы маюць больш складанае музычнае афармленне.
– У цэлым, гэта вельмі асаблівы для мяне праект.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






