BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Крывашэй: Дзень Волі – гэта магчымасць сустрэцца і памятаць свае карані

25 сакавіка адзначаецца 107-я гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У самой Беларусі праз рэпрэсіі і пераслед гэтая падзея адзначацца не будзе. Святкаванне Дня Волі цалкам перанеслася па-за межы краіны. Ці варта адзначаць дзень волі ў эміграцыі? Як святкавалі ў былыя гады дэмакратычныя актывісты? І якое значэнне свята мае цяпер?

Наталля Крывашэй. Архіўны здымак

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае журналістка і дактарантка Беластоцкага ўніверсітэта Наталля Крывашэй.

РР: Добры дзень, паважаныя слухачы! Сёння ў нас госць – журналістка Наталля Крывашэй. Наталля, набліжаецца свята – Дзень Волі. Раскажы, як, на твой погляд, павінна адзначацца гэтае свята ў эміграцыі, бо ты сама прыехала з Беларусі і раней адзначала Дзень Волі на радзіме, а зараз ты ў эміграцыі. Ці мае гэта штучны характар?

– Я скажу так: я ўжо даўно знаходжуся ў Польшчы, і Дзень Волі мы з беларусамі пачалі адзначаць у першы год пасля майго прыезду ў Польшчу – гэта было ў 2015 годзе. Спачатку мы збіраліся невялікімі групамі, па 10–15 чалавек. Мы ездзілі ў Варшаву, дзе сабрана было не больш за сотню, бо беларусаў у Польшчы было няшмат. Гэта свята стала для нас аб’ядноўваючым момантам – яно не дазваляе забыцца, што мы беларусы. Прыгадаю мой першы Дзень Волі: гэта было ў 2008-2009 гадах, калі я ўпершыню паехала ў Менск на Дзень Волі з сябрамі з Гомелю. Гэта было цікава, але і крыху страшна, асабліва ўпершыню, бо на вуліцах шмат людзей і міліцыя глядзела, нібы арыштаваць цябе.

РР: Які Дзень Волі табе найбольш запомніўся – той, што ў Беларусі ці той, што тут, у Польшчы?

– Я скажу, што кожны Дзень Волі мае свае асаблівасці. У Беларусі гэта адзін дзень, калі ўсёй краінай збіраюцца сябры – ты сустракаеш людзей з Менска, Берасця, Віцебска. А ў Беларусі Дзень Волі з’яўляецца сапраўдным нацыянальным святам. У Польшчы ж, калі мы, беларусы, збіраемся разам, гэта свята набірае сямейнага характару. Напрыклад, у 2018 годзе, калі мы прыязджалі ў Польшчу для вучобы, усе сабраліся ў Варшаве, сустрэліся людзі, якія не бачылі адзін аднаго па пяць гадоў. Гэта свята стала для мяне сямейным, сяброўскім – момантам, калі мы, беларусы, памятаем пра свае карані.

РР: А што ты думаеш пра Дзень Волі ў Беларусі? Ці не сумна, што людзі, якія жывуць у Беларусі, не могуць свабодна выказваць свае меркаванні ў сацыяльных сетках, чытаць тое, што хочуць, і публічна адзначаць свята?

– Так, гэта сапраўды крыўдна, бо ў Беларусі нашым людзям часта не дазваляецца свабодна выказвацца. Але для нас, хто знаходзіцца за мяжой, Дзень Волі – гэта магчымасць сустрэцца, пагутарыць, нават калі мы не можам зрабіць гэта на вуліцы. Калі людзі баяцца выступаць публічна, заўсёды можна ўзяць маску, шалік або акуляры – і ўсё роўна выходзіць на сустрэчу.

Цалкам размова:

Белаурскае Радыё Рацыя