
Беларускі мовазнавец Зміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Мінску. Дзед па бацьку Іван Маркавіч Саўка паходзіў з мястэчка Свіслач (цяпер Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць), з сям’і плытагона. У час Першай сусветнай вайны быў ад’ютантам лётчыка. Пасля вайны ў Бабруйску ажаніўся з дачкой рабіна Яўгеніяй Абэлеўнай Рывай (паводле пасведчання асобы – Адольфаўнай), сям’я якой паходзіла з горада Сянно (цяпер Віцебская вобласць). Бацька Змітра нарадзіўся ў Менску ў 1931 годзе. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, па сканчэнні якога вярнуўся ў Менск. Маці прыехала ў Мінск на будоўлю ў 1957 годзе з вёскі Сенькавічы (Івацэвіцкі раён). Любоў да беларускай мовы Змітру прывіла бабуля па мацярынскай лініі – з чацвёртага класа ён прыязджаў да яе ў Сенькавічы, дзе гаварылі па-беларуску.
У чэрвені 1982 года Зміцер Саўка скончыў сярэднюю школу № 61 Мінска (цяпер гімназія № 3), вучыўся ў адным класе з пазней вядомым мастаком і літаратарам Артурам Клінавым, разам з якім браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні „Беларуская майстроўня» (1979-1984). У чэрвені 1984 года Саўка, Вінцук Вячорка, Артур Клінаў ды іншыя былі ўдзельнікамі першага пікету, які майстроўцы ладзілі на знак пратэсту супраць руйнавання будынка старога мінскага тэатру. Яны сталі на прыступках, якія вядуць да плошчы Свабоды ад скрыжавання Інтэрнацыянальнай і Леніна і пачалі скандаваць «Руйнуецца помнік гісторыі!». Хлопцаў затрымалі, павезлі ў пастарунак. Летам 1983 года Саўка паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1988 годзе. Пасля гэтага выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моваў, дзе працаваў на кафедры беларускай мовы.
У канцы 1990-ых гадоў Саўка паехаў у ЗША на запрашэнне Вітаўта Кіпеля і прабыў там агулам паўтара года, запісваючы ўспаміны амерыканскіх беларусаў. У 1999-2002 гадах як філолаг працаваў стыль-рэдактарам на Беларускім Радыё Рацыя. З 2006 года ў той жа ролі кіраваў моўнай службай на тэлеканале Белсат.
У першым шлюбе меў сына Уладзіслава (нар. 1988) і дачку Юстыну (нар. 1994), у другім шлюбе, з Ілонай Урбановіч-Саўкай – дачку Караліну (нар. 1995) і сына Стэфана (нар. 2004). Па ўспамінах сяброў і знаёмых Саўка быў вельмі інтэлігентным чалавекам, які браў пад апеку ўсіх, хто трапляў у ягоную прастору, дапамагаў усім, чым мог. Быў таленавітым філолагам, паліглотам, надзвычай апантаным, унікальным ў навуковым свеце лінгвістам. Як мала хто адчуваў беларускае слова, ствараў слоўнікі.
Зміцер Саўка – аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк—Мінск, 2002), «Беларускі клясычны правапіс» (у сааўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня—Менск, 2005), «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» (2019, выдадзена пасмяротна) пра гісторыю Беларуска-амерыканскага задзіночаньня. Быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат». У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры дапамозе валанцёраў стварыў моўны анлайн-сэрвіс «Добрапіс».
Памёр Зміцер Саўка ў Мінску пасля цяжкай анкалагічнай хваробы 9 красавіка 2016 года, меў толькі пяцьдзясят гадоў. Пахаваны на сталічных Заходніх могілках.






