BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

65 гадоў з дня нараджэння Анатоля Сыса

Нарадзіўся Анатоль Сыс 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна, Гомельскай вобласці.

Падчас навучання ў школе Анатоль захапляўся літаратурай і гісторыяй, асабліва цікавіўся раскопкамі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У 1977 годзе ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, які скончыў у 1982 годзе. Пасля двухгадовай службы ў войску сувязістам у Польшчы працаваў у Веткаўскай раённай газеце «Перамога Кастрычніка». У 1985 годзе Сыс пераехаў у Менск, дзе працаваў старэйшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя».

Дэбютаваў вершамі ў 1970-ых, але найбольш плённы перыяд яго творчасці прыпаў на канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў. Пры жыцці паэта выйшлі ўсяго тры зборнікі вершаў: “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989), “Сыс” (2002).

Напачатку 1990-х гадоў Кася Камоцкая запісала некалькі песень на вершы Анатоля Сыса, сярод якіх «Мая белая лебедзь», «Ластаўка», «Залатыя краты».

Ад сярэдзіны 1990-ых і да смерці Анатоль Сыс амаль не пісаў, але застаўся адным з самых заўважных паэтаў свайго пакалення, хаця меў неадназначную рэпутацыю як асоба, што паддалася згубным схільнасцям.

Памёр паэт 4 траўня 2005 году ў сваёй менскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Гарошкаве.

Пасля смерці Анатоля Сыса штогод у кастрычніку на ягонай радзіме ў Гарошкаве ладзілася традыцыйнае свята паэзіі “Агмень” ў гонар паэта, у якім бралі удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама вядомыя беларускія паэты, барды і творцы.

Літаратурны фестываль у памяць Анатоля Сыса ў Гарошкаве не праводзіцца фактычна ўжо 5 год, апошні раз быў у 2019 годзе. Спачатку перашкодзіла пандэмія каронавіруса, потым пачаліся рэпрэсіі супраць грамадскіх і культурніцкіх арганізацый, у 2021 годзе быў ліквідаваны Саюз беарускіх пісьменнікаў, сябры якога выступалі падчас свята паэзіі. Аднак памяць пра Анатоля Сыса жыве ў нашых сэрцах. 

Графарэты Юркі Асенніка

Беларускае Радыё Рацыя