
Беларускі музычны крытык, журналіст, паэт, грамадскі актывіст Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 года ў Менску. Пісаў таксама пад псеўданімамі Вінцук Гуненка; Рыгор Дамінюк і іншымі.
У 1982 годзе Мартыненка скончыў факультэт журналістыкі БДУ. У 1982-1994 гадах працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты “Чырвоная змена”, з 1983 года рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986-га – «Нотны аркуш»). Працаваў на Беларускім тэлебачанні. У 1989-1997 гадах супрацаваў з мюнхенскай рэдакцыяй “Радыё Свабода”, музычны каментатар, арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад. У 1989-1999 гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска», у 1994-2006-ых – музычны кансультант лэйблу «БМАgroup». Сябра Саюза журналістаў СССР (з 1985 года).
У 1985 годзе Вітаўт Мартыненка разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб “Няміга”. Удзельнік арганізацыі фэстаў “Тры колеры” (1986, 1988), “Басовішча” (1990). У канцы 1980-ых гадоў Мартыненка – удзельнік «Талакі», «Тутэйшых», у 1988 годзе стаў арганізатарам адной з першых груп падтрымкі БНФ, якую створыў у дзяржаўнай газеце «Чырвоная Змена». За ўдзел у Дзядах-88 Вітаўт Мартыненка быў адміністрацыйна засуджаны. У адказ на гэта ў «Чырвонай Змене» з’явіўся калектыўны артыкул «Процістаянне».
Вітаўт Мартыненка пісаў прозу, вершы, якія друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на польскую і украінскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках папулярных рок-гуртоў («P.L.A.N.», «Tesaurus», «DeadMarsh», украінскі «Тінь Сонця»). Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Йорк, разам з А. Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і не толькі» (2006, Менск, разам з А. Мяльгуем). Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002 год) і асобным выданнем поўны тэкст названай прадмовы – «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінгвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003). Гэтая праца дала яму магчымасць сустрэчы з Папам рымскім Янам Паўлам ІІ. Аўтар шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця.

Вітаўт Мартыненка ўвёў тэрміны “беларускі рок” (беларускамоўны) і «рок з Беларусі» (англа-, руска- і інш. моўны), палемізаваў з журналістамі, якія не прымалі такой тэрміналогіі. Апанентамі выступалі журналісты Юрый Цыбін і Зміцер Падбярэзскі. У 2010 годзе выйшла самастойная кніга Мартыненкі «Rock on-line», падрыхтаваная выдавецтвам “Каўчэг”, дзе зноў праявілася рэха нязгаслых дыскусій у форме, як пісалі рэцэнзенты, «дэтэктыўнага сюжэту на базе дакументальных фактаў». Кніга «Карабалом» (аўтабіяграфічны раман) застаецца невыданай.
Вітаўт Мартыненка хварэў на цукровы дыябет. У 2016 годзе трапіў у шпіталь і перанёс хірургічную аперацыю. Памёр 17 красавіка 2016 года. Пасля крэмацыі пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску. Беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская дала ў 2008 годзе ў сваёй калонцы на “БелаПАН”такую ацэнку творцу: «Вітаўт Мартыненка – натуральны Курт Кабейн беларусскай музжурналістыкі». У 2024 годзе выйшла кніга-фотаальбом «Прадмовы і Пасьляслоўі» (выдавец і карэктар кнігі Наталля Баярын), у траўні ў Варшаве адбылася яе прэзентацыя.






