BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

70 гадоў з дня нараджэння Алега Аблажэя

Беларускі мастак, ілюстратар, актывіст беларускага грамадскага руху ў Літве Алег Аблажэй нарадзіўся 6 траўня 1954 года ў вёсцы Лезнявічы (Дзятлаўскі раён). У 1977 годзе скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя Машэрава, у 1985 годзе – Вільнюскі дзяржаўны мастацкую акадэмію. Працаваў мастацкім рэдактарам газеты «Рунь», мастацкім афарміцелем дзіцячага часопіса «Лола».

Як творца займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў розныя кнігі. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы Васіля Жуковіча «Гуканне вясны», Дануты Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве – «Шведскія казкі» Эрнеста Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні – «Казка пра Султана» і інш. У 1984-86 гадах у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Мастак маляваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімая яго тэма – жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.

У Літве Алега Аблажэя добра ведаюць не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці грамадска-палітычнага «Саюдзіса» («Руху»). Узнагароджаны літоўскім медалём «За падзеі 13-га студзеня». Аблажэй разам з жонкай, таксама мастачкай Крыстынай Балаховіч, з маладосці жылі ў Вільні, набылі жытло на ўскрайку Вільні.

Алег Аблажэй плённа супрацаваў з беларускімі арганізацыямі Вільні, быў адным з актыўнейшых сябраў Таварыста Беларускай культуры. Быў сябрам рады ТБК, суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». У 2014 годзе Аблажэй маляваў плакаты «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання», адбылося некалькі выставаў, у тым ліку ў Менску, былі выпушчаны адмысловыя паштоўкі. Паводле ўспамінаў Паліны Сцепаненкі мастак іранічна наракаў, што часта яго працы вывешваюць у перавернутым выглядзе: “Калі я ўбачыў, што плакат з разбітай вазай павешаны дагары нагамі, трохі засумаваў. Але, як сапраўдны беларус з анекдота, падумаў – “А можа, так і трэба?” І супакоіўся. Гэта мая карма такая. Тут то можна перавесіць, а вось калі друкуюць ілюстрацыю дагары нагамі – нічога не папішаш. Для кнігі Albanų pasakos (Албанскія казкі) я намаляваў, як вол нясе мядзведзя, паводле сюжэта. Перавярнулі – мядзведзь нясе вала. У кнізе ” Siedem bajek o krollewnach” каралеўна спіць … стоячы! Бо карцінку павярнулі. І так далей”.

Як публіцыст пісаў сатырычныя фельетоны для газеты «Рунь», пазней у такім жанры пісаў для Беларускага Радыё Рацыя, дзе меў свой блог. Яго допісы і творы друкавалі таксама «Свабода», «Наша Ніва», часопіс «Дзеяслоў». Аблажэй ббаў пра чысціню беларускай мовы і захаванне роднага слова, сатырычна выкрываў абсурдныя рэчы ў мове і мастацтве. Творы Алега Аблажэя змешчаны ў наступных выданнях: «Сем казак пра каралеўнаў» (1999 год, на польскай мове), «Красамоўнае сэрца» (Мінск: Мастацкая літаратура, 2015 год), у зборніку «Забароненая сукня» («Нявеста для Базыля», Беларуская аўтарская казка, укладальніца Аксана Спрынчан. Мн., Мастацкая літаратура», 2017 год).

Творца быў сапраўдным інтэлектуалам, вельмі карэктным і сціплым чалавекам, але адначасна і цвёрда прынцыповым. Апошнія гады жыцця Алег Аблажэй цяжка хварэў. Памёр 18 траўня 2016 года ў Вільні, яму было толькі 62 гады. Прах пасля крэмацыі пахаваны на радзіме.